Мінск 17:04

Прэзідэнт Польшчы склікае Раду нацбяспекі праз сітуацыю на мяжы з Беларуссю

Архіўнае фота: прэс-служба Памежнай аховы Польшчы

6 чэрвеня, Позірк. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда склікае Раду нацыянальнай бяспекі (РНБ) у сувязі з сітуацыяй на мяжы з Беларуссю, паведамляе радыё RDC.

Пасяджэнне РНБ пройдзе 10 чэрвеня, папярэдне ў 16:00 паводле мясцовага часу.

Згодна з інфармацыяй Бюро нацыянальнай бяспекі пры прэзідэнце, на пасяджэнні РНБ абмяркуюць сітуацыю і апошнія падзеі на польска-беларускай мяжы, а таксама ініцыяваны Дудам законапраект аб дзейнасці органаў улады ў выпадку знешняй пагрозы дзяржаўнай бяспецы, які цяпер разглядае Сейм.

Анансуючы пасяджэнне РНБ, польскі прэзідэнт раскрытыкаваў дзеянні пракуратуры, якая выставіла траім вайскоўцам абвінавачванні ў перавышэнні паўнамоцтваў і стварэнні пагрозы жыццю і здароўю мігрантаў праз папераджальныя стрэлы на мяжы з Беларуссю.

“Выпадак шакуючы, улічваючы, што апошнім часам нашыя салдаты там, каля мяжы, некалькі разоў зазнавалі напады [мігрантаў] з беларускага боку. Шакуе, перш за ўсё, тое, як былі затрыманыя польскія салдаты”, — сказаў прэзідэнт.

6 чэрвеня стала вядома пра смерць вайскоўца 1-й танкавай брыгады, параненага 28 траўня на мяжы з Беларуссю. У той дзень Памежная ахова Польшчы паведаміла, што польскі салдат зазнаў напад мігранта, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі. Адзначалася, што замежнік ударыў вайскоўца нажом. Намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Чэслаў Мрочак у эфіры Polskie Radio заявіў, што раненне сур’ёзнае, але жыццю вайскоўца нічога не пагражае.

За некалькі гадзін да нападу на вайскоўца, паводле інфармацыі ведамства, ад рук мігрантаў пацярпелі непасрэдна памежнікі. Аднаго з іх ударылі пабітай бутэлькай, ён атрымаў траўмы твару, на другога памежніка напалі з палкай, да якой быў прымацаваны нож. Абодвум спатрэбілася дапамога медыкаў.

На фоне гэтых здарэнняў Польшча скіравала на мяжу дадатковыя сілы. 29 траўня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў пра планы аднавіць 200-метровую буферную зону ля мяжы з Беларуссю. Меркавалася, што яе вернуць 4 чэрвеня, але пасля было заяўлена, што спачатку гэтае пытанне абмяркуюць з мясцовымі ўладамі.

Пра напады мігрантаў на польскіх памежнікаў і вайскоўцаў на мяжы з Беларуссю таксама паведамлялася 31 траўня і 4 чэрвеня.

Падзяліцца: