Мінск 12:08

МУС паведаміла пра затрыманне двух наркакур’ераў, адзін з іх даставіў партыю рэчыва з “суседняй краіны”

Ілюстрацыя: МУС

9 кастрычніка, Позірк. Аб затрыманні двух кур’ераў інтэрнэт-крамы па продажы наркотыкаў паведаміла МУС.

Паводле інфармацыі ведамства, 26-гадовы замежны грамадзянін затрыманы ў Гомельскай вобласці пры сілавой падтрымцы байцоў спецатрада “Рысь” унутраных войскаў МУС. Сцвярджаецца, што мужчына прывёз з “суседняй краіны” партыю наркотыкаў для распаўсюджвання праз закладкі ў Беларусі. У яго канфіскавана каля 1 кг асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва альфа-PVP.

У ходзе далейшых аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў затрыманы 25-гадовы жыхар Мінска, які таксама працаваў кур’ерам інтэрнэт-крамы. У яго і ў схованках выявілі і канфіскавалі 3 кг мефедрону.

Распачатыя крымінальныя справы па фактах незаконнага збыту наркотыкаў. Паведамляецца, што затрыманым пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Фармулёўку аб “суседняй краіне” беларускія сілавыя ведамствы выкарыстоўваюць рэгулярна, каб не ўказваць на прыналежнасць фігурантаў правапарушэнняў да Расіі.

Паводле даных Вярхоўнага суда, за першыя шэсць месяцаў 2026 года за звязаныя з наркотыкамі злачынствы асуджана 1.039 чалавек, з іх 666 — за “незаконны абарот без мэты збыту” (ч. 1 арт. 328 КК), 314 — за “незаконны абарот з мэтай збыту” (ч. 2–5 арт. 328 КК).

Як паведамляў “Позірк”, паводле даных Вярхоўнага суда, у 2025 годзе колькасць асуджаных паводле “наркатычных” артыкулаў Крымінальнага кодэкса павялічылася на 7,9% у параўнанні з 2024-м.

За здзяйсненне злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, летась было асуджана 2.253 чалавекі — 8% усіх асуджаных (у 2024-м — 2.088; 6,6%). З іх 2.077, або 92,2%, прызнаныя вінаватымі паводле арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), у 2024 годзе — 1.956, або 93,7%.

Падзяліцца: