Мінск 00:28

Туск: Завоз у Польшчу беларускіх “айцішнікаў” дапамог стварэнню замежнай агентуры

Скрыншот: videoparlament.pl

16 чэрвеня, Позірк. Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск на сваёй старонцы ў сацсетцы Х раскрытыкаваў міграцыйную палітыку папярэдняга ўрада, сфарміраванага партыяй “Права і справядлівасць.

“Яны завезлі сотні тысяч мігрантаў з Азіі і Афрыкі (заадно зарабляючы на візах), а таксама расійскіх і беларускіх “айцішнікаў”, дапамагаючы ствараць замежную агентуру. Гэта хочуць прыкрыць расісцкай прапагандай. Яны разлічваюць на кароткую памяць і гучнасць свайго крыку”, — напісаў Туск.

26 студзеня міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі прыняў рашэнне прыпыніць удзел МЗС у праграме выдачы віз “Poland. Business Harbour “(PBH), да прыняцця рашэнняў, якія гарантуюць “належную праверку кампаній і замежнікаў, якія з’яўляюцца яе ўдзельнікамі”.

Паводле ацэнкі міністэрства, праграма “не апраўдала ўскладзеных на яе надзей”. “Сярод іншага, у грамадскай прасторы выказваліся сумневы з нагоды выкарыстання віз, выдадзеных у рамках праграмы, у мэтах, якія не адпавядаюць яе прынцыпам”, — адзначыў МЗС.

Пры гэтым у МЗС заявілі, што пачнуць “працу па спрашчэнні візавых працэдур для прадстаўнікоў бізнес-сектара, асабліва ў галінах, найбольш запатрабаваных польскай эканомікай”.

У Польшчы створаная парламенцкая камісія па расследаванні выпадкаў злоўжывання пры выдачы віз па праграме PBH.

18 сакавіка стала вядома, што Польскае агенцтва інвестыцый і гандлю (PAIH) праводзіць унутраны аўдыт ІТ-кампаній, якія выкарыстоўвалі візавую праграму Poland Business Harbour у 2020–2023 гадах.

Паведамлялася, што грамадзянам Беларусі ў рамках PBH Польшча выдала 93 тыс. віз. Пры гэтым з 2020 года ў краіну ўехала ўсяго каля 15 тыс. замежнікаў з візай PBH, якія прадстаўляюць розныя дзяржавы.

Праграма Poland Business Harbour была створаная ў верасні 2020 года з мэтай прыцягнення ў Польшчу ІТ-спецыялістаў і кампаній з Беларусі, а затым была пашырана на такія краіны, як Грузія, Расія, Украіна, Малдова і Арменія.

Падзяліцца: