Мінск 22:11
DU

Улады прызналі кнігі палітвязня Севярынца “экстрэмісцкімі матэрыяламі”

Архіўнае фота: "Позірк"

24 чэрвеня, Позірк. Тры кнігі вядомага беларускага палітыка, палітвязня Паўла Севярынца ўнесеныя ў “рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў” на падставе рашэння суда Кастрычніцкага раёна Мінска ад 20 чэрвеня. Пералік апублікаваны на сайце Міністэрства інфармацыі.

Гаворка пра зборнік эсэ “Каменнае сэрца”, анталогію “Люблю БЕЛАРУСЬ: 200 фэномэнаў нацыянальнай ідэі” і раман “Беларусалім. Кніга іншая. Сэрца сьвятла”.

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) Павел Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня 2020 года, у разгар кампаніі па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. Ён у гонцы не ўдзельнічаў, але выкарыстоўваў перадвыбарчы перыяд для размоў з людзьмі. У той дзень палітык правёў на плошчы ля сталічнага Камароўскага рынку “народны пікет свабоды і салідарнасці”.

25 траўня 2021 года Магілёўскі абласны суд прыгаварыў Севярынца да 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачання ў “падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў”.

27 жніўня таго ж года Вярхоўны суд не задаволіў скаргу на вырак.

23 сакавіка 2022 года палітвязень унесены ў пералік асоб, “датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”, 21 чэрвеня суд Шклоўскага раёна (Магілёўская вобласць) змяніў яму рэжым утрымання — пастанавіў накіраваць у турму на 3 гады.

30 снежня 2023 года палітыку споўнілася 47 гадоў.

Падзяліцца: