Мінск 22:59

Амбасадары ЕС узгаднілі новы пакет санкцый у дачыненні да Мінска

Фота: "Позірк"

26 чэрвеня, Позірк. Амбасадары Еўрасаюза пры Еўрапейскім савеце ўзгаднілі новы пакет санкцый супраць беларускіх уладаў, паведамляе 26 чэрвеня бельгійскае старшынства ў ЕС у сацыяльнай сетцы X.

“Гэты пакет узмоцніць нашы меры ў адказ на ўварванне Расіі ва Украіну, у тым ліку барацьбу з абыходам санкцый”, — гаворыцца ў рэлізе.

Еўрапейскі саюз увёў санкцыі ў дачыненні да Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі (БРСМ) і персанальна яго першага сакратара Аляксандра Лук’янава, холдынгу “БелОМА” і яго генеральнага дырэктара Аляксандра Мароза, а таксама дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Дзмітрыя Мезенцава, вынікае з рашэння Савета ЕС, апублікаванага 24 чэрвеня.

Згаданыя санкцыі былі ўведзеныя ў рамках 14-га пакета санкцый супраць Расіі, прынятых у сувязі з працягам расійскай агрэсіі супраць Украіны, якая пачалася 24 лютага 2022 года. Папярэдні, 13-ты пакет, быў прымеркаваны да другой гадавіны расійскага ўварвання ва Украіну.

У яго трапілі, у прыватнасці, старшыня Наваполацкага гарвыканкама (Віцебская вобласць) Дзмітрый Дзямідаў, генсакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў, паралімпіец Аляксей Талай і яго фонд, якія мелі дачыненне да “незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Рэспубліку Беларусь”.

Тады ж у санкцыйныя спісы былі паўторна ўнесены ААТ “2566 завод па рамонце радыёэлектроннага ўзбраення” (Барысаў, Мінская вобласць) і яго дырэктар Валерый Шаціла, завод “Пеленг” (Мінск), Аршанскі авіярамонтны завод (Віцебская вобласць) і яго дырэктар Павел Случак. Адзначалася, што згаданыя прадпрыемствы задзейнічаны ў падтрымцы ваенна-прамысловага комплексу Расіі.

На гэты момант дзейнічае восем пакетаў санкцый ЕС супраць афіцыйнага Мінска, апошні з іх прыняты ў жніўні 2023 года.

Падзяліцца: