Мінск 21:52

За двое сутак у Беларусі патанула 14 чалавек

Крыніца: unsplash.com

1 ліпеня, Позірк. У мінулыя аператыўныя суткі (з 06:00 да 06:00) зафіксавана восем смяротных выпадкаў ад утаплення ў вадаёмах, паведамляе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Цела жанчыны 1983 года нараджэння знойдзенае ў штучным вадаёме на тэрыторыі нефункцыянуючай базы адпачынку “Лясная казка” каля вёскі Тычыны Салігорскага раёна (Мінская вобласць). Удакладняецца, што яна патанула 29 чэрвеня.

У рацэ Віхра ў Мсціславе (Магілёўская вобласць) супрацоўнікі МНС знайшлі цела мужчыны 2006 г.н.

У Полацку (Віцебская вобласць) у рацэ Палота знойдзенае цела жанчыны 1997 г.н.

Мужчына 1972 г.н. патануў у рацэ Сха ў межах Барысава (Мінская вобласць).

Са штучнага вадаёма ў аграгарадку Мялешкі Слуцкага раёна (Мінская вобласць) вынятае цела двух патанулых мужчын: 1953 і 1961 г.н.

У Мінску ў штучным вадаёме па вул. Вязынскай знойдзена цела мужчыны 1975 г.н.

МНС таксама паведаміў пра гібель у рацэ Прыпяць у Мазыры падлетка 2009 года нараджэння, пра выяўленне якога стала вядома 30 чэрвеня з рэлізу Следчага камітэта.

Паводле звестак МНС, у папярэднія аператыўныя суткі ў Беларусі патанула шэсць чалавек, у тым ліку аднагадовае дзіця.

Паводле звестак ТРВОД, у 2023 годзе ў Беларусі патанула 339 чалавек — на 12,2% менш, чым у 2022-м. Непаўналетніх загінула на вадзе 21 — годам раней 25 (-16%).

Паведамлялася, што 55,2% загінулых (187 чалавек, у тым ліку два падлеткі) знаходзілася ў стане алкагольнага або наркатычнага ап’янення.

Падзяліцца: