Мінск 04:53

“Вясна”: У чэрвені на волю выйшла не менш за 27 палітвязняў

Фота: "Позірк"

2 ліпеня, Позірк. У чэрвені на волю выйшла мінімум 27 палітвязняў, 19 з якіх цалкам адбылі тэрмін, пяць вызвалілі па абмене, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Яшчэ трое палітвязняў былі прыгавораныя да пакарання ў выглядзе абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу (ПУАТ) і вызваленыя з СІЗА.

Сярод вызваленых — пяць грамадзян Украіны, якіх выкарыстоўвалі для абмену з Расіяй пры ўдзеле Ватыкана. На волю выйшлі прыгавораная да дзевяці гадоў зняволення паводле арт. 358 (шпіянаж) Наталля Захаранка, асуджаны паводле арт. 3581 (агентурная дзейнасць) і прыгавораны да сямі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму Павел Купрыенка, асуджаная паводле таго ж артыкула Людміла Ганчарэнка (пастанова суда невядомая), і прыгавораная да 2,5 года паводле арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Кацярына Бруханава. Таксама ва Украіну быў адпраўлены фігурант справы аб пашкоджанні расійскага ваеннага самалёта ў Мачулішчах Мікалай Швец.

На волю пасля адбыцця тэрміну выйшлі Юрый Седзянеўскі (3 гады абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ па арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і арт. 364 (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў)); Сяргей Гунь (2 гады пазбаўлення волі па арт. 342); Яўген Бароўскі (3 гады па арт. 342 і 364).

Вызваліліся таксама Дзмітрый Юртаеў, які правёў 1 год і амаль 9 месяцаў у зняволенні паводле арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) і арт. 368 (абраза прэзідэнта); асуджаны паводле арт. 130 і 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Андрэй Аўсіевіч (3 гады); Яўген Гоманаў, асуджаны паводле арт. 369 (2,5 года).

Праваабаронцы адзначаюць, што ў чэрвені суды “ў абсалютнай большасці прызначалі палітвязням пазбаўленне волі”, толькі трое ў мінулым месяцы выйшлі на волю з СІЗА пасля суда — ім прызначылі пакаранне, не звязанае з накіраваннем у ПУАТ.

Паводле звестак “Вясны”, у траўні на волю выйшла мінімум 28 палітвязняў, месяцам раней — не менш за 47.

На 2 ліпеня ў краіне 1.409 палітвязняў.

Падзяліцца:
be