Мінск 01:41

Ціханоўская возьме ўдзел у мерапрыемствах саміту НАТО ў Вашынгтоне — гэта яе сёмы візіт у ЗША

Святлана Ціханоўская і Енс Столтэнберг на сустрэчы 7 траўня
Крыніца: прэс-служба Ціханоўскай

8 ліпеня, Позірк. Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская наведае 9–12 ліпеня Вашынгтон, дзе возьме ўдзел у мерапрыемствах саміту НАТО, паведаміў “Позірку” яе галоўны дарадца Франак Вячорка.

Паводле яго слоў, візіт адбудзецца па запрашэнні генеральнага сакратара альянсу Енса Столтэнберга.

У Вашынгтоне Ціханоўская “раскажа аб бягучай сітуацыі ў Беларусі, гібрыдных нападах рэжыму [Аляксандра Лукашэнкі] супраць Польшчы, Літвы і Латвіі, размяшчэнні расійскай ядзернай зброі і магчымых сцэнарах развіцця падзей”, адзначыў дарадца.

“Ціханоўская таксама абмяркуе важную ролю Беларусі для рэгіянальнай стабільнасці і бяспекі, асабліва ў святле расійскай агрэсіі супраць Украіны. Яна выступіць перад шэрагам амерыканскіх і міжнародных СМІ аб барацьбе за дэмакратыю ў Беларусі і больш шырокіх пытаннях рэгіянальнай бяспекі”, — сказаў Вячорка.

“Я рада, што дэмакратычныя сілы ў Беларусі пачынаюць дыялог з НАТО. Альянс заснаваны на каштоўнасцях, якія блізкія беларусам — свабода, правы чалавека, дэмакратыя і вяршэнства права. Я лічу, што для кожнай еўрапейскай краіны неабходна будаваць паважлівыя і канструктыўныя адносіны з НАТО. Гэта важна і для Беларусі, для нашых нацыянальных інтарэсаў і для падтрымання рэгіянальнай бяспекі. Я б хацела, каб Беларусь успрымалася як надзейны, мірны і прадказальны партнёр”, — заявіла дэмлідар перад пачаткам візіту.

На яе думку, Беларусь павінна ўспрымацца на Захадзе “не толькі як пагроза, але і як магчымасць”.

“Мы вельмі не хочам, каб Беларусь стала суцяшальным прызам для Пуціна. Падчас саміту ў мяне будзе магчымасць пагаварыць з прадстаўнікамі і саюзнікамі НАТО аб далейшым дыялогу, абмене інфармацыяй і супрацоўніцтве ў медыяполі”, — падкрэсліла палітык.

Гэта будзе яе сёмы візіт у ЗША.

Дэмакратычныя сілы пачалі дыялог з кіраўніцтвам НАТО 7 траўня, калі ў штаб-кватэры альянсу прайшла першая сустрэча Ціханоўскай са Столтэнбергам.

Паводле слоў намесніка кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Валерыя Кавалеўскага, які ўдзельнічаў у сустрэчы (26 чэрвеня сышоў у адстаўку), пачатак дыялогу з НАТО “стаў вынікам працы кабінета па пашырэнні супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі”.

“На працягу ўжо 75 гадоў НАТО з’яўляецца найважнейшым фактарам бяспекі і стабільнасці ў Еўропе. Мы абавязаныя інфармаваць міжнародную супольнасць аб выкліках для нашай краіны”, — сказаў ён.

Прэс-служба альянсу тады паведаміла, што Столтэнберг “высока ацаніў мужнасць і лідарства” Ціханоўскай “у адстойванні дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі”. Ён таксама выказаў занепакоенасць у сувязі з новымі рэпрэсіямі з боку “рэжыму прэзідэнта Лукашэнкі” супраць апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Генеральны сакратар арганізацыі падкрэсліў, што народ Беларусі “мае права жыць у свабодзе і дэмакратыі”.

Столтэнберг сярод іншага абмеркаваў з дэмлідэрам “супраціў <…> размяшчэнню расійскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі”. Ён нагадаў, што саюзнікі па НАТО заклікалі Беларусь спыніць саўдзел у вайне з Расіяй і выконваць міжнароднае права, а таксама асудзілі намер РФ размясціць на тэрыторыі Беларусі ядзерную зброю.

Падзяліцца: