Мінск 22:59

Чарговы аўтобус МАЗ задыміўся ў Расіі

Крыніца: inkazan.ru

9 ліпеня, Позірк. У сталіцы Татарстана Казані (РФ) 8 ліпеня задыміўся рэйсавы аўтобус Мінскага аўтазавода, паведамляе выданне inkazan.ru.

Паводле звестак МНС, інцыдэнт адбыўся на прыпынку грамадскага транспарту “Савінава”, у аўтобуса “перагрэліся тармазныя калодкі”.

Гэта не першы выпадак задымлення або загарання аўтобусаў МАЗ у Расіі.

У Санкт-Пецярбургу 3 студзеня загарэўся аўтобус, выраблены на беларускім прадпрыемстве. Паводле інфармацыі медыя “Фонтанка”, ён належаў кампаніі “Домтрансаўта”.

Паводле звестак расійскіх СМІ, у гэтым горадзе летась загарэлася не менш за 9 аўтобусаў МАЗ. Годам раней зафіксавана 8 падобных выпадкаў.

“У сувязі з наяўнасцю заўваг, якія патэнцыйна могуць прывесці да ўзгарання аўтобусаў, прынятае рашэнне аб прыпыненні эксплуатацыі на гарадской маршрутнай сетцы 137 аўтобусаў Мінскага аўтамабільнага завода (МАЗ 203047). Яны паступілі ў Пецярбург па кантрактах 2022 года”, — паведаміла 2 жніўня 2023 года прэс-служба дзяржпрадпрыемства “Пасажыраўтатранс”.

У адказ на запыт віцэ-губернатара Санкт-Пецярбурга Кірыла Палякова ў чэрвені 2022 МАЗ паведаміў, што прычынай узгаранняў можа быць “трапленне алею з сістэмы гідрапрывада вентылятара на гарачыя часткі рухавіка”.

“Ва ўмовах санкцыйнага ціску і парушэння лагістычных ланцужкоў пры пастаўках камплектаў гідрапрывада магла адбыцца замена правераных фланцаў на іншыя, аналагічныя па тэхнічных характарыстыках, але не маючыя правераных рэферэнцый”, — растлумачыў чыноўнік.

Выпадкі з загараннем аўтобусаў МАЗ фіксаваліся і ў іншых гарадах Расіі, а таксама ў Беларусі.

Наяўнасць праблемы з беларускімі аўтобусамі ўскосна прызнаў Лукашэнка, які заявіў 19 верасня 2023 года на сустрэчы з губернатарам Краснадарскага краю Веніямінам Кандрацьевым, што прычына ўзгаранняў пасажырскага транспарту ў Пецярбургу крыецца ў адсутнасці “якаснага і своечасовага абслугоўвання”. Ён прапанаваў наладзіць тэхабслугоўванне на месцы сіламі беларускіх рамонтнікаў.

“Усе чулі, у штогадовым пасланні прэзідэнт Расіі анансаваў, што да 2030 года суб’екты федэрацыі павінны атрымаць каля 40 тыс. аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў, электробусаў. Грошы на гэта выдзеленыя. Задача беларускай прамысловасці — падключыцца і забяспечыць не менш за 30% патрэбных аб’ёмаў”, — заявіў Лукашэнка 9 красавіка на нарадзе па развіцці прамысловасці.

Разам з тым ён адзначыў, што “айчынная прадукцыя саступае аналагам як па цане, так і па якасці”.

У траўні 2024 года на расійскім рынку было прададзена ўсяго 8 новых беларускіх аўтобусаў — у 19,9 раза менш, чым у тым жа месяцы 2023-га (159), сведчаць звесткі агенцтва “АСМ-холдынг” (РФ).

За пяць месяцаў рэалізавана 280 адзінак гэтай тэхнікі (522). Падзенне ўзроўню продажаў у гадавым выражэнні склала 46,7%.

У цэнтры Мінска згарэў аўтобус МАЗ

19 траўня, Позірк. У Мінску на праспекце Машэрава згарэў аўтобус МАЗ, паведаміла 19 траўня дзяржагенцтва "Мінск-Навіны". На апублікаваным фота бачна, што транспартны сродак выгарэў цалкам. Верагодна, аўтобус выкарыстоўваўся ў якасці грамадскага транспарту. МНС паведаміла, што ніхто не пацярпеў, прычыны інцыдэнту …
Падзяліцца: