Мінск 01:26

54 нобелеўскія лаўрэаты, уключаючы Алексіевіч, заклікалі Лукашэнку вызваліць палітвязняў

Крыніца: pixabay.com

14 ліпеня, Позірк. 54 лаўрэаты Нобелеўскай прэміі падпісаліся пад адкрытым зваротам да Аляксандра Лукашэнкі, генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша, урадавых органаў Польшчы і іншых краін з заклікам падтрымаць палітычную амністыю ў Беларусі.

Тэкст звароту з імёнамі падпісантаў апублікаваны на сайце беларускага палітолага Дзмітрыя Балкунца.

Вітаючы прыняты беларускімі ўладамі закон аб амністыі і “першыя крокі па вызваленні цяжкахворых зняволеных”, аўтары паслання заклікалі Лукашэнку праявіць “гуманізм і міласэрнасць” і “вызваліць усіх грамадзян, прызнаных праваабаронцамі палітычнымі зняволенымі”.

“Недапушчальна падвяргаць людзей вашай краіны суровым выпрабаванням толькі праз перакананні. Кожны чалавек мае права на сваё меркаванне і павагу да сваёй асобы. У вас ёсць унікальная магчымасць перавярнуць мінулае і ўвайсці ў гісторыю не толькі як бескампрамісны кіраўнік, але і як палітычны лідар, які праявіў мудрасць і спачуванне, адказны перад сваім народам і яго будучыняй”, — гаворыцца ў звароце.

Правядзенне “ўсеагульнай палітычнай амністыі”, на думку нобелеўскіх лаўрэатаў, стане “найважнейшым актам, які сімвалізуе новы этап у гісторыі Беларусі”.

“Мы спадзяемся, што наш заклік, як і галасы іншых людзей добрай волі, будзе пачуты, і гэты крок закладзе падмурак для пачатку працэсу нацыянальнай згоды і прымірэння”, — адзначаецца ў адкрытым лісце.

Падкрэсліваецца, што “ўсе грамадзяне, якія пацярпелі за свае погляды, актыўную грамадзянскую пазіцыю і пратэстныя дзеянні, заслугоўваюць свабоды”, сярод іх — “журналісты, навукоўцы, урачы, рабочыя, грамадскія дзеячы і праваабаронцы, уключаючы лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага”.

“Заклікаем улады і іх апанентаў паважаць меркаванні адзін аднаго, пераадольваць рознагалоссі шляхам дыялогу і ўзаемнай павагі”, — заяўляецца ў звароце.

Аўтары выказваюць падзяку Гутэрышу, прэзідэнту Польшчы Анджэю Дудзе, прэм’ер-міністру Дональду Туску, міністру замежных спраў Радаславу Сікорскаму, а таксама грамадскім актывістам, дыпламатам і праваабаронцам за “актыўныя дзеянні, накіраваныя на вызваленне палітычных зняволеных у Беларусі”.

Сярод іншых зварот падпісалі беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч, галоўны рэдактар расійскай “Новай газеты” Дзмітрый Муратаў, кіраўнік украінскага Цэнтра грамадзянскіх свабод праваабаронца Аляксандра Матвійчук.

Праваабаронцам вядома пра 18 палітвязняў, якія 3 ліпеня выйшлі на волю па рашэнні беларускіх уладаў. Сярод іх — 4 жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку прыгавораны да 10 гадоў калоніі палітык Рыгор Кастусёў, у якога анкалагічнае захворванне.

Прозвішчы іншых вызваленых не публікуюцца з меркаванняў бяспекі.

2 ліпеня Лукашэнка анансаваў вызваленне цяжкахворых апанентаў улады. У той жа дзень ён падпісаў закон аб амністыі з нагоды 80-годдзя вызвалення Беларусі, які, аднак, па змесце не распаўсюджваецца на асоб з “экстрэмісцкіх спісаў”.

Гутэрыш на сустрэчы з Лукашэнкам 4 ліпеня ў Астане (Казахстан) выказаў пажаданне, каб амністыя, у выніку якой было вызвалена некалькі палітвязняў, стала “крокам да поўнай павагі правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі”. Ён выказаў занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

Да вызвалення ўсіх палітвязняў заклікалі ЗША і ЕС.

На 14 ліпеня ў Беларусі 1.403 чалавекі, якіх праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі.

Частка палітвязняў адмовілася выходзіць на волю 3 ліпеня, не пагадзіўшыся з умовамі ўладаў — "Вясна"

8 ліпеня, Позірк. Некаторыя палітычныя зняволеныя адмовіліся выходзіць на волю 3 ліпеня, не пагадзіўшыся з умовамі ўладаў, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна". "Верагодна, гэта звязана з тым, што частка палітвязняў выйшла на волю па памілаванні — ім прыйшлося пісаць прашэнне на …
Падзяліцца: