Мінск 20:58

Лукашэнка чакае “адчувальных вынікаў” ад супрацоўніцтва з Нікарагуа

Крыніца: pixabay.com

19 ліпеня, Позірк. Аб “дынамічным пашырэнні двухбаковага супрацоўніцтва як у палітычнай, так і ў гандлёва-эканамічнай сферах” заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 19 ліпеня прэзідэнта Нікарагуа Даніэля Артэгу з 45-годдзем перамогі Сандзінісцкай народнай рэвалюцыі.

“Разлічваю, што паступовае збліжэнне Мінска і Манагуа неўзабаве пачне даваць адчувальныя вынікі, пазітыўна паўплывае на ўзровень дабрабыту нашых грамадзян”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Прысутнасць у Нікарагуа на ўрачыстых мерапрыемствах у гэты дзень “прадстаўнічай урадавай дэлегацыі” на чале з прэм’ер-міністрам Раманам Галоўчанкам з’яўляецца, на думку Лукашэнкі, “сведчаннем таго, што развіццю адносін з гэтай дзяржавай надаецца вялікае значэнне”.

Галоўчанка наведвае Нікарагуа ў рамках візіту па краінах Лацінскай Амерыкі. Да гэтага ён пабываў у Венесуэле і на Кубе.

18 ліпеня 2023 года Лукашэнка ўхваліў праект пагаднення паміж урадамі Беларусі і Нікарагуа аб узаемнай адмене візавых патрабаванняў. Дамова набыла моц у лютым гэтага года.

Галоўчанка 14 ліпеня мінулага года падпісаў праект міжурадавага пагаднення з Нікарагуа аб стварэнні сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.

Тавараабарот паміж Манагуа і Мінскам настолькі малы, што амбасада Беларусі ў Рэспубліцы Куба (па сумяшчальніцтве адказвае за адносіны з Нікарагуа) не прыводзіць ніякіх лічбаў. Схематычны графік на сайце дыпмісіі дае зразумець, што аб’ём гандлю паміж дзвюма краінамі з 2017 года пераважна падаў, склаўшыся ў 2021 годзе прыкладна на ўзроўні 1,2 млн долараў (большая частка прыпадае на беларускі экспарт).

Нікарагуа традыцыйна падтрымлівае Беларусь і Расію на міжнародным узроўні, напрыклад, адпрэчваючы накіраваныя супраць іх рэзалюцыі Генасамблеі ААН. Некаторыя эксперты сцвярджаюць, што ўлады краіны фактычна гандлююць сваім палітычным голасам на міжнароднай арэне.

Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком МЗС Нікарагуа Дзянісам Манкада Каліндрэсам 19 траўня 2023-га ў Мінску адкрыта захапіўся палітычнай дзейнасцю аўтарытарнага прэзідэнта Артэгі.

Падзяліцца: