Альянс “Зялёная Беларусь” прапанаваў меры па мінімізацыі наступстваў надзвычайных сітуацый
24 ліпеня, Позірк. Канкрэтныя меры па мінімізацыі наступстваў надзвычайных сітуацый (НС) прапанаваў 24 ліпеня альянс “Зялёная Беларусь”.
Заяву, у якой прапісаныя рэкамендацыі, арганізацыя прыняла ў сувязі з наступствамі магутнага ўрагану 13–14 ліпеня, які прынёс мноства разбурэнняў і прывёў да гібелі сямі чалавек.
Альянс выпрацаваў восем ключавых крокаў, якія, на яго думку, “дапамогу падвысіць гатоўнасць рэгіёнаў і адміністрацыйных раёнаў да ўраганаў і іншых катастрафічных з’яў, знізіць іх наступствы і забяспечыць больш хуткую і эфектыўную ліквідацыю наступстваў НС”.
У першую чаргу арганізацыя прапануе палепшыць камунікацыю з жыхарамі. Неабходна стварыць і ўкараніць “больш сучасныя і аператыўныя сістэмы метэапрагнозаў, якія дазволяць больш дакладна і хутка прадказваць небяспечныя атмасферныя з’явы”; распрацаваць эфектыўныя механізмы апавяшчэння людзей з дапамогай SMS-паведамленняў, радыёстанцый і мабільных дадаткаў.
У плане падвышэння гатоўнасці інфраструктуры альянс прапануе забяспечыць наяўнасць альтэрнатыўных крыніц энергазабеспячэння (генератараў) для ключавых аб’ектаў — “бальніц, водаканалаў і іншых важных устаноў”; рэгулярна абнаўляць і правяраць абсталяванне і матэрыялы для аднаўлення электрасетак і водазабеспячэння.
“Зялёная Беларусь” лічыць неабходным стварыць і рэгулярна абнаўляць планы дзеянняў пры НС, звязаных са зменамі клімату, “для ўсіх узроўняў улады і арганізацый”. На думку альянсу, трэба ўлічваць “змяненні клімату як важнага фактару рызыкі пры распрацоўцы нацыянальных і мясцовых планаў рэагавання на НС”; рэгулярна праводзіць трэніроўкі і вучэнні дзяржструктур і насельніцтва па дзеяннях у выпадку паводак, ураганаў, лясных пажараў, іншых неспрыяльных і небяспечных з’яў.
У краіне неабходна забяспечыць “эфектыўную каардынацыю паміж рознымі дзяржструктурамі і арганізацыямі ў выпадку надзвычайных здарэнняў, звязаных са зменамі клімату”; стварыць адмысловыя аператыўныя штабы для каардынацыі ліквідацыі наступстваў НС.
Важным альянс лічыць падтрымку і развіццё валанцёрскіх рухаў, якія “змогуць аператыўна падключацца да ліквідацыі наступстваў НС”. Неабходна навучаць жыхароў Беларусі “дзеянням ва ўмовах НС, уключаючы першую дапамогу, выкарыстанне сродкаў абароны” ды інш.
Яшчэ адна рэкамендацыя звязаная з інвестыцыямі ва ўстойлівую інфраструктуру. “Зялёная Беларусь” прапануе весці будаўніцтва і мадэрнізаваць гарады з улікам кліматычных змен — праводзіць “кліматычную ацэнку планіровачных і будаўнічых рашэнняў”, выкарыстоўваць больш ветраўстойлівыя канструкцыі. Таксама неабходна збудаваць “лакальныя крыніцы энергіі, заснаваныя на сонечнай, ветравой, біягазавай тэхналогіях”; распрацаваць і ўкараніць тэхналогіі “для хуткага аднаўлення пашкоджанай інфраструктуры”.
На думку альянсу, патрэбныя адукацыйныя праграмы для жыхароў краіны “пра паводзіны ў выпадку ўраганаў і іншых прыродных катастроф, звязаных са зменамі клімату”. Людзям трэба распавядаць пра “метады мінімізацыі шкоды і падрыхтоўку да магчымых НС”.
Апошні крок звязаны са стратэгічным планаваннем з улікам кліматычных змен. Арганізацыя лічыць неабходным распрацаваць “доўгатэрміновыя стратэгічныя планы для розных галін эканомікі”, якія б улічвалі “прагназуемыя кліматычныя змены”. Акрамя таго, патрэбна “інтэграцыя кліматычных рызык у планы развіцця гарадоў і сельскіх раёнаў”.
Непагадзь 13 і 14 ліпеня ў Беларусі прывяла да маштабных пашкоджанняў у сістэме электраперадачы, парушэнняў водазабеспячэння, разбурэнняў. Найбольш ад ураганнага ветру пацярпела Гомельская вобласць, дзе ўводзілі рэжым надзвычайнай сітуацыі.
23 ліпеня начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны МНС Ігар Хадановіч, заявіў, што ад наступстваў урагану ў Беларусі загінула сем чалавек, атрымала траўмы — 75.
338 населеных пунктаў засталося без водазабеспячэння, у 17 раёнах адбылося адключэнне сотавай і тэлефоннай сувязі; пашкоджаны дах 6.200 жылых дамоў (на той момант адноўлена 3.883), зафіксавана больш за 13 тыс. выпадкаў падзення дрэў.
Паводле даных Міністэрства энергетыкі, на раніцу 24 ліпеня было толькі сем вёсак, якія забяспечваліся электрычнасцю не ад энергасістэмы, а з дапамогай дызель-генератарных агрэгатаў. 23 ліпеня было 22 такія паселішчы, 22-га — 61.
Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў пацярпелых ад непагадзі грамадзян у “няправільным разуменні” НС. Сярод жыхароў Беларусі “ёсць такія грамадзяне, для якіх усё заўсёды будзе дрэнна”, яны “не хочуць разумець”, што ў мінулыя дні ў краіне адбылася “надзвычайная сітуацыя”, заявіў ён 19 ліпеня на селектарнай нарадзе.
Непагадзь ён назваў “вайной”, толькі без “стральбы з аўтаматаў і кулямётаў”.
Альянс “Зялёная Беларусь” створаны экаактывістамі і камандай экспертаў. Яго прэзентацыя адбылася 30 кастрычніка 2023 года ў Вільнюсе.
- Грамадства, ПалітыкаЛітва зафіксавала рэкордную за апошнія восем тыдняў колькасць спробаў парушэння мяжы з беларускага бокуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаАмаль чвэрць мільёна беларусаў звярнуліся па дазвол на знаходжанне ў ПольшчыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаАмаль чвэрць мільёна беларусаў звярнуліся па дазвол на знаходжанне ў Польшчы (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 20 снежня 2024 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаІнвестыцыі ў асноўны капітал за 11 месяцаў 2024 года выраслі на 23,7% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка