Мінск 12:53

Экаактывісты і эксперты прэзентавалі ў Вільнюсе Альянс “Зялёная Беларусь”

30 кастрычніка, Позірк. Новы суб’ект грамадзянскай супольнасці — Альянс “Зялёная Беларусь”, створаны з ініцыятывы экактывістаў і каманды экспертаў, — прэзентаваны ў Вільнюсе 30 кастрычніка.

Паводле вядомай экаактывісткі Ірыны Сухій, беларусы павінны быць гатовымі да трансфармацыі краіны.

“Мы мусім ужо зараз вызначацца, якія рэформы новым беларускім уладам прыйдзецца праводзіць, якія законы мяняць, як нам узаемадзейнічаць з еўрапейскім заканадаўствам. Кропка трансфармацыі абавязкова будзе, і мы да яе павінны падыйсці ўжо гатовымі. Калі развальваўся СССР, ніхто, па шчырасці, не быў цалкам гатовы будаваць новую краіну. Не хацелася б паўтараць старыя памылкі, усё павінна быць зроблена правільна”, — падкрэсліла яна.

Альянс, удакладніла Сухій, будзе працаваць па такіх накірунках, як тэрытарыяльнае развіццё, сельская гаспадарка, энергетыка, транспарт, прамысловасць, біяразнастайнасць, развіццё біяпатэнцыялу, адкіды і прадухіленне іх стварэння, лічбавізацыя і інфармацыйныя тэхналогіі, фінансы і зялёная інвестыцыі, сацыяльная палітыка.

Экс-старшыня ліквідаванай уладамі Беларускай партыі “Зялёныя” Анастасія Дарафеева лічыць, што краіна “павінна абраць зялёны шлях”: “Сёння гэта ў першую чаргу геапалітычны выбар. Бо Еўропа такі выбар ужо зрабіла. У 2019 годзе быў прыняты Еўрапейскі зялёны курс — гэта ключавая палітыка ЕС на наступныя дзесяцігоддзі, якая будзе вызначаць тое, як будзе выглядаць Еўропа і жыццё ўвогуле на кантыненце цягам многіх гадоў наперад. Гэты курс прадугледжвае татальную зялёную трансфармацыю эканомікі. У тым ліку пераход на зялёную ўстойлівую энергетыку. Калі Беларусь хоча быць незалежнай, яна павінна стаць зялёнай”.

Падзяліцца: