Мінск 04:07

У кватэры рэдактара orsha.eu Казмерчака адбыўся ператрус па новай крымінальнай справе

24 ліпеня, Позірк. У кватэры рэдактара незалежнага рэгіянальнага партала orsha.eu Ігара Казмерчака ў Оршы (Віцебская вобласць) адбыўся ператрус, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).

“Гэта тая самая кватэра, на якую летась быў накладзены арышт, — цытуе Казмерчака БАЖ. — Я даўно там не жыву, і рэчаў, якія б маглі зацікавіць следства, там не засталося”.

Паводле яго слоў, ператрус, які працягваўся каля гадзіны, праводзіў супрацоўнік мясцовага райаддзела міліцыі — у выніку “ён сышоў ні з чым”.

“Мне вядома таксама, што чарговы ператрус праводзіўся ў межах нейкай новай крымінальнай справы, дзе я — адзін з фігурантаў. Справа ўзбуджаная чамусьці ў Гомелі, і тычыцца яна ўзаемаадносін са СМІ, абвешчанымі “экстрэмісцкімі фармаваннямі”. Што тычыцца мяне, то я некалькі разоў браў удзел у здымках праграмы “План Б” на “Белсаце”, — паведаміў журналіст.

13 сакавіка следчае ўпраўленне Упраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці пачало спецыяльную вытворчасць у дачыненні да Казмерчака, якому інкрымінуецца арт. 3614 (вярбоўка, іншае ўцягванне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасць, навучанне, а роўна іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 368 (абраза прэзідэнта) КК.

У 2021 годзе рэдактар пакінуў Беларусь і з таго часу каардынуе працу рэсурсу з-за мяжы.

Сайт рэгіянальных навін і шэраг афіляваных з ім сацсетак і месенджараў уключаны ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які складае Міністэрства інфармацыі. Адпаведныя рашэнні сёлета ў чэрвені і ліпені прыняў суд Оршы і Аршанскага раёна.

СК абвесціў Казмерчака ў вышук.

Падзяліцца: