Мінск 19:23

Лукашэнка: Акадэмія навук дапускала памылкі там, дзе іх быць не павінна

Архіўнае фота: unan.by

30 ліпеня, Позірк. Нацыянальная акадэмія навук (НАН) Беларусі апошнім часам “дапускала сур’ёзныя пралікі”, таму было вырашана стварыць рабочую групу па аналізе дзейнасці галоўнай навуковай арганізацыі, заявіў Аляксандр Лукашэнка 30 ліпеня ў Мінску на сустрэчы па гэтым пытанні.

“Навуцы мы аддаем усе прыярытэты, без яе развіццё немагчымае, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Навука такая рэч, калі даводзіцца ісці непраторанымі шляхамі, калі трэба асвойваць сур’ёзныя праблемы, браць вяршыні. Таму, зразумела, памылкі магчымыя. Але, што мяне насцярожыла, што памылкі дапускаліся Акадэміяй навук там, дзе іх быць не павінна, дзе мы ўжо нечаму навучыліся: у жывёлагадоўлі, у раслінаводстве”.

Пытанняў да дзейнасці навуковай супольнасці, паводле сцвярджэння спікера, назапасілася шмат: “Маюцца асобныя поспехі, але і незадаволенасць вынікамі таксама сур’ёзная”.

Напрыклад, заявіў ён, у НАН ёсць навукова-практычныя цэнтры, якія працуюць “не лепш за іншыя аналагічныя структуры” па-за Акадэміяй навук, а “павінны быць лепшымі”.

Да стварэння працоўнай групы, сказаў Лукашэнка, падштурхнулі таксама звароты некаторых адмыслоўцаў, членаў урада. “Мяне пераконваюць у тым, што нам трэба сур’ёзна паглядзець на развіццё акадэмічнай навукі і прыняць адпаведныя рашэнні па ўсіх напрамках”, — адзначыў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, цяпер “эпоха беспрэцэдэнтных магчымасцей развіцця” Беларусі, і гэтыя “магчымасці каласальныя ўпусціць нельга”.

“Маецца ўстойлівая база і пэўныя вынікі як у традыцыйных галінах, так і ў новых напрамках эканомікі. Але без рэальнага прарыву ў навуцы падняцца на наступную прыступку будзе не проста цяжка — немагчыма. Навука павінна апярэджваць час, але ні ў якім разе не плесціся ў хвасце”, — падкрэсліў ён.

Галоўным у дзейнасці навукоўцаў спікер лічыць “канкрэтны вынік, адчувальны для дзяржавы і для людзей, асабліва цяпер”. Не адмаўляючы развіццё фундаментальнай навукі, ён адзначыў, што “сённяшні дзень робяць вынікі прыкладных даследаванняў — менавіта яны паднімаюць краіну на новы ўзровень”.

Распараджэнне аб стварэнні працоўнай групы па аналізе дзейнасці НАН Лукашэнка падпісаў 18 чэрвеня. У яе ўключана 14 чалавек.

Першае пасяджэнне пад старшынствам кіраўніка Камітэта дзяржкантролю Васіля Герасімава адбылося 25 чэрвеня. У ім удзельнічалі намеснік старшыні Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Косінец, член-карэспандэнт НАН Міхаіл Мясніковіч, старшыня прэзідыума Акадэміі навук Уладзімір Гусакоў, а таксама прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў ды інш.

Група павінна вывучаць пытанні практыкаарыентаванасці і рэзультатыўнасці навуковых даследаванняў і распрацовак навукоўцаў, іх укаранення ў эканоміку і сацыяльную сферу; імпартазамяшчэння; экспарту навукова-тэхнічнай прадукцыі.

Падзяліцца: