Мінск 20:18

Міністр сельскай гаспадаркі ўбачыў “пазітыўную тэндэнцыю” ў сітуацыі з падзяжом жывёлы

Ілюстрацыя: pexels.com

17 жніўня, Позірк. Аб мерах па зніжэнні падзяжу буйной рагатай жывёлы далажыў 17 жніўня Аляксандру Лукашэнку міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў.

Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, у дакладзе акцэнт быў зроблены на “захаванні тэхналагічнай і выканальніцкай дысцыпліны, мерах па зніжэнні ўзроўню падзяжу буйной рагатай жывёлы”.

З гэтага пункту гледжання, заявіў Горлаў, “ёсць пазітыўная тэндэнцыя”. Паведамляецца, што да кастрычніка плануецца ўвядзенне ў эксплуатацыю некалькіх сотняў прафілакторыяў для ўтрымання цялят.

“На сённяшні дзень мы бачым, што ідзе зніжэнне склону буйной рагатай жывёлы да ўзроўню мінулага года, — сказаў чыноўнік, якога цытуе дзяржСМІ. — Такім чынам, дынаміка ў дачыненні да захаванасці жывёлы ў нас складваецца станоўчая. Можна сказаць, мы ідзем да мэты па значным зніжэнні падзяжу буйной рагатай жывёлы”.

Лукашэнка цікавіўся ў міністра таксама “тэндэнцыямі ў перапрацоўцы сельгаспрадукцыі, найперш і малака, сітуацыяй з экспартам харчавання”. Як далажыў міністр, тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі складае 13% да ўзроўню мінулага года.

“Летась экспартная выручка ад продажу нашых прадуктаў склала больш за 10 млрд долараў. Па выніках гэтага года мы павінны падысці да 11 млрд долараў і больш”, — заявіў Горлаў. Паводле слоў кіраўніка Мінсельгасхарча, на гэта паказвае паступленне валютнай выручкі ад продажаў, дзе тэмп росту перавышае 25%.

Пагалоўе буйной рагатай жывёлы (БРЖ; каровы, быкі і інш.) па выніках першай паловы 2026 года склала 3.841.107 галоў — на 3,2% менш, чым за аналагічны перыяд 2025-га (3.970.080), сведчыць праведзены Позіркам аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Негатыўная дынаміка была адзначаная ва ўсіх рэгіёнах.

Па выніках праверак, праведзеных, мяркуючы па ўсім, у 2025 годзе, супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю ўнеслі звыш 3 тыс. актаў нагляду. За парушэнні да адказнасці прыцягнута больш за 9 тыс. чалавек, уключаючы 26 старшыняў райвыканкамаў.

“Прыняты меры па спагнанні з вінаватых шкоды ад склону жывёлы ў памеры больш за 3,8 млн рублёў“, — паведаміў старшыня КДК Васіль Герасімаў 9 чэрвеня ў Мінску на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

На нарадзе па асобных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці 3 лютага Аляксандр Лукашэнка сярод іншага заявіў, што праблема падзяжу жывёлы ў Беларусі не вырашана, і яна “ўласцівая не толькі Віцебскай вобласці”.

“Чаму я кажу пра падзёж? Гэта ж маральная пачварнасць, калі мы не можам абараніць, асабліва ў гэтае цяжкае надвор’е, братоў сваіх меншых. Як можна не абараніць кацяняці, парася, цяля, сабачку?!” — сказаў прамоўца.

24 кастрычніка 2025 года на нарадзе аб мерах па забеспячэнні ўстойлівага развіцця Віцебскай вобласці і сітуацыі з падзяжом у краіне буйной рагатай жывёлы ён заявіў, што “самае галоўнае — нельга працу ў жывёлагадоўлі ператвараць у крымінальную дзейнасць“.

Тэму падзяжу палітык лічыць адной з найнабалелых у сельскай гаспадарцы. Паводле слоў Лукашэнкі, негатыўныя тэндэнцыі зафіксаваныя ў 51 раёне краіны (у 13 з іх падзёж павялічыўся ў 1,5 раза і больш).

На фоне пагаршэньня сытуацыі з пагалоўем БРЖ 17 чэрвеня таго ж года на выязной нарадзе па сельскай гаспадарцы ў Мінскім раёне ён заявіў, што за апошнія гады ўлады “намацалі, якім шляхам развівацца ў жывёлагадоўлі“.

Падзяліцца: