Мінск 21:00

За апошнія 10 дзён у міліцыю паступіла больш за 2,8 тыс. паведамленняў аб званках тэлефонных махляроў

Ілюстрацыя: freepik.com

17 жніўня, Позірк. Каля 50 паведамленняў аб званках тэлефонных махляроў паступіла ў міліцыю за мінулыя суткі, заявіла 17 жніўня Міністэрства ўнутраных спраў.

Зарэгістравана два злачынствы, учыненых з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, прыпыненыя расходныя аперацыі па 25 рахунках, затрымана два кур’еры, якія працавалі ў інтарэсах аферыстаў. У іх канфіскавана каля 7 тыс. рублёў.

Як вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу зводак МУС, за апошнія 10 дзён у міліцыю паступіла больш за 2.850 паведамленняў аб званках тэлефонных махляроў, затрымана 14 кур’ераў (мінімум адны з іх іншаземец, яго грамадзянства не называецца), у іх канфіскавана не менш за 37 тыс. рублёў.

Ведамства не паведамляе, якія санкцыі ўжываюцца да кур’ераў. Акрамя таго, МУС не заўсёды інфармуе аб канфіскаваных у кур’ераў грошах: у штодзённых дадзеных за перыяд з 7 па 16 жніўня сума прыводзілася толькі двойчы.

З 30 чэрвеня па 16 ліпеня ў міліцыю паступіла больш за 5 тыс. паведамленняў аб званках тэлефонных махляроў, з 18 па 28 ліпеня — больш за 3,7 тыс. паведамленняў, з 28 ліпеня па 6 жніўня — больш за 2,5 тыс.

Паводле звестак МУС, доля кіберзлачынстваў па выніках студзеня–траўня 2026 года перавысіла траціну ўсіх зарэгістраваных у Беларусі злачынстваў і дасягнула 33,4%.

Як паведамляў прадстаўнік галоўнага ўпраўлення лічбавага развіцця Следчага камітэта Леаніда Мельніка, у першай палове 2026 года колькасць зарэгістраваных кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам павялічылася на 16%.

У 2023 годзе, згодна з інфармацыяй ведамства, удзельная вага кіберзлачыннасці складала 21,5%, у 2024-м — 27,5%, у 2025-м — 29,7%. У 2026 годзе штотыдзень здзяйсняецца ў сярэднім 359 кіберзлачынстваў, або больш за 50 у дзень.

Падзяліцца: