Мінск 08:24

Лукашэнка аб абмене зняволенымі: Нас папрасілі — мы дапамаглі

Фота: сайт Аляксандра Лукашэнкі

2 жніўня, Позірк. Беларусь падключылася да абмену зняволенымі паміж Расіяй і краінамі Захаду, таму што яе аб гэтым “папрасілі”, заявіў 2 жніўня Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з мясцовымі жыхарамі падчас паездкі ў Мазырскі раён Гомельскай вобласці.

“Вы бачылі: хлопцаў павыцягвалі. <…> Мы далучыліся да гэтага, дапамаглі, чым маглі. Людзей вызвалілі, якіх на Захадзе пажыццёва заключылі. Праўда, на гэтым нехта тыпу прэзідэнта ЗША аўтарытэт свой набівае, хоць ён да гэтага не меў ніякага дачынення. Спецслужбы вялі гэтыя перамовы, нават дыпламатаў не падключалі. Мы дамовіліся, што ціха будзем рабіць — пачалі гарлапаніць на ўвесь свет. Гэта робіцца ціха, гэта ж жыцця людзей”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Беларусь “не гандлюе людзьмі”, сказаў ён: “Аддалі немца, каб дапамагчы людзям забраць гэтых небаракаў. Што ў гэтым дрэннага? І немец гэты жывы, і гэтага хлопца выратавалі (неназваны ўдзельнік абмену. — “Позірк”.)”.

Улады ў падобных сітуацыях “будуць рабіць мудра, так, як выгадна для краіны і людзей”, сказаў Лукашэнка.

Прыгавораны ў Беларусі да смяротнага пакарання і затым памілаваны Лукашэнкам Рыка Крыгер вызвалены ў рамках найбуйнейшага за многія гады абмену зняволенымі, які адбыўся паміж Расіяй, ЗША і Германіяй.

Прэс-служба Крамля 1 жніўня паведаміла, што прэзідэнт Уладзімір Пуцін падпісаў указы аб памілаванні Пола Уілана (былы амерыканскі марскі пяхотнік), Эвана Гершковіча (амерыканскі журналіст), Кевіна Ліка (ураджэнец Германіі, пераехаў у РФ з рускай маці), Дэмуры (Дзіцяра) Вароніна (расійска-нямецкі палітолаг), Уладзіміра Кара-Мурзы, журналісткі Алсу Курмашавай, Ліліі Чанышавай, Вадзіма Астаніна, Ясеніі Фадзеевай, Аляксандры Скачыленка, Іллі Яшына, Андрэя Піваварава і Алега Арлова.

У абмен Масква атрымала расейцаў, асуджаных у ЗША і Еўрасаюзе. Сярод іх Вадзім Красікаў, які атрымаў у Германіі пажыццёвы тэрмін за забойства, прызнаныя вінаватымі ў шпіянажы Арцём і Ганна Дульцавы, якія адбывалі пакаранне ў Славеніі, а таксама Міхаіл Мікушын, Павел Рубцоў, Раман Селязнёў, Уладзіслаў Клюшын, Вадзім Канашчонак.

Офіс Святланы Ціханоўскай не ўдзельнічаў у перамовах аб абмене зняволенымі.

“На жаль, у нас няма сведчанняў, што гэты абмен можа ці мог бы прывесці да вызвалення беларускіх палітвязняў. Відавочна, што гэта былі перамовы з Масквой і Мінск у іх не ўдзельнічаў”, — адзначыў офіс у заяве.

Беларускія інтарэсы праігнараваны заходнімі сталіцамі ў перамовах аб абмене зняволенымі з Расіяй, гаворыцца ў заяве прэзідыума Рады БНР.

Адзначаючы, што ў спісе абмененых 1 жніўня няма беларускіх палітвязняў і палонных, аўтары заявы падкрэсліваюць, што “лідэры ЗША і Еўропы ў гэтай сітуацыі праігнаравалі пакуты беларускага народа, які аказаўся ў цяперашнім становішчы не ў апошнюю чаргу таму, што ўрады найбуйнейшых дзяржаў Захаду <… > застаюцца згодныя бачыць Беларусь у выключнай зоне інтарэсаў Масквы”.

Падзяліцца: