Мінск 11:36

Мінск прапанаваў ЕС “вярнуцца ў рэчышча аб’ектыўных рэалій” і запрасіў еўрапейскіх палітыкаў у Беларусь

Ілюстрацыйнае фота: МЗС Беларусі

9 жніўня, Позірк. Вярнуцца “ў рэчышча аб’ектыўных рэалій, прагматызму і дыялогу” прапанавала Еўрапейскаму саюзу Міністэрства замежных спраў у адказ на заяву Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў (ЕСЗД), прымеркаваную да чацвёртай гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі.

У каментарыі знешнепалітычнага ведамства гаворыцца, што “сваімі заявамі ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь еўрачыноўнікі хацелі б прыкрыць уласныя правалы і неабдуманыя рашэнні ў эканоміцы, энергетычнай сферы, міграцыйнай палітыцы”.

МЗС сцвярджае, што сітуацыя ў краінах ЕС “выклікае ўсё большую незадаволенасць простых грамадзян, якая часта суправаджаецца актамі грамадзянскага непадпарадкавання”, тады як Беларусь “кіруе сваім незалежным курсам” і “паспяхова развіваецца”.

“Нягледзячы на беспрэцэдэнтны санкцыйны ціск, стабільна расце ВУП, рэалізуюцца маштабныя праекты па мадэрнізацыі прамысловасці, забяспечваецца дастойная сацыяльная абарона насельніцтва, расце дабрабыт грамадзян. Толькі за пяць месяцаў 2024 года рэальныя грашовыя даходы насельніцтва павялічыліся на 9,6%”, — заявіла ведамства.

У каментарыі сцвярджаецца, што “цяжэй за ўсё Еўрасаюзу схаваць відавочнае — крызіс ідэй уласнага развіцця і стратэгіі выбудоўвання стасункаў з суседзямі, у тым ліку і Беларуссю”.

“Замест таго, каб сумесна супрацьстаяць сучасным выклікам і пагрозам, вырашаць агульныя практычныя пытанні на карысць усяго рэгіёну, у дачыненні да Беларусі ўводзяцца беспрэцэдэнтныя санкцыі, для беларускіх грамадзян вынаходзяць усё новыя і новыя бар’еры пры перасячэнні мяжы ЕС, якія перашкаджаюць, перш за ўсё, кантактам паміж людзьмі і гуманітарнай супрацы”, — адзначае МЗС.

Знешнепалітычнае ведамства мяркуе, што “ў глыбіні душы еўрапейскія палітыкі пэўна ўсведамляюць бесперспектыўнасць свайго курсу”, аднак “недастаткова вольныя ў сваіх рашэннях і дзеяннях і вымушаны ўвесь час аглядацца за акіян”.

Еўрасаюзу прапанавана знайсці “магчымасці для выбудоўвання канструктыўнага ўзаемадзеяння з Мінскам”, пастарацца “прадметна вывучыць рэальную сітуацыю” ў Беларусі “замест распаўсюду разнастайных страшылак і фэйкаў”, калі Брусель сапраўды думае пра сваіх грамадзян.

“Тысячы грамадзян ЕС ужо скарысталіся прапановай беларускага боку аб бязвізавым уездзе ў Рэспубліку Беларусь. Чаму б еўрапейскім палітыкам не ўзяць прыклад са сваіх грамадзян? Прыязджайце ў Беларусь, паглядзіце на сітуацыю на свае вочы. Не пашкадуеце”, — гаворыцца ў каментарыі.

8 жніўня прэс-служба Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў апублікавала заяву ад імя вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля. Напярэдадні чацвёртай гадавіны выбараў Еўрасаюз заявіў, што “застаецца аднадушным у сваёй падтрымцы мужнага народа Беларусі”, а таксама “беларускага дэмакратычнага руху і грамадзянскай супольнасці ў іх імкненні да свабоднай, дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай Беларусі як часткі мірнай Еўропы”.

Падзяліцца: