Мінск 06:49

У Мінскім гарадскім судзе будуць судзіць 12 фігурантаў па справе аб дыверсіі ў Мачулішчах

9 жніўня, Позірк. Справу аб дыверсіі ў Мачулішчах пачнуць разглядаць 19 жніўня ў Мінскім гарадскім судзе, паведаміў праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Па ім праходзіць 12 чалавек: Максім Лапацін, Андрэй Сцяпурка, Алег Сычоў, Дзяніс Сакалоў, Аляксандр Азараў, Яўгенія Тачыцкая, Міхаіл Дзёмін, Сяргей Лопараў, Анастасія Пілько, Віталь Якуцік, Ала Яцута і Мікалай Швец.

Частка з іх (Азараў, Тачыцкая, Лопараў, Якуцік, Яцута, Дзёмін, а таксама ўкраінскі дыверсант Швец, перададзены Украіне) не знаходзяцца ў Беларусі.

Усіх абвінавачваюць па 11 артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 1 арт. 2901 (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці), ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), 3581 (агентурная дзейнасць), ч. 4 арт. 309 (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін), ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму), ч. 3 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання), 3612 (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання), ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі і выбуховых рэчываў), 2903 (праходжанне навучання ці іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці).

Судзіць абвінавачаных будуць у закрытым рэжыме.

8 жніўня стала вядома, што над кіраўніком аб’яднання былых супрацоўнікаў сілавых структур ByPol Аляксандрам Азаравым 19 жніўня пачнецца новы завочны суд. На пытанне “Позірку”, ці звязаны ён з дыверсіяй, Азараў адказаў “хутчэй за ўсё”.

У ліпені 2023 года Азараў паведаміў, што пашкоджанне на вайсковым аэрадроме Мачулішчы пад Мінскам рэдкага і дарагога расійскага самалёта далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50 было аперацыяй ByPol і Службы бяспекі Украіны (адбылося 26 лютага 2023 года).

Першапачаткова ByPol заявіў, што гэта вынік аперацыі ўдзельнікаў плана “Перамога”, якія выкарыстоўвалі дроны-камікадзэ і пасля аперацыі пакінулі Беларусь.

КДБ паведаміў пра затрыманне больш за 20 чалавек, у тым ліку нібыта непасрэднага выканаўцы Мікалая Швеца, які быў названы агентам украінскай спецслужбы. Ведамства заявіла, што фігурантам крымінальнай справы аб атацы на самалёт выстаўленае абвінавачванне паводле ч. 3 арт.289 КК.

Кіраўнік СБУ Васіль Малюк публічна прызнаў дачыненне службы да дыверсіі 25 сакавіка 2024 года.

Сёлета ў чэрвені асуджаны Швец быў абменены на мітрапаліта Ёнатана (Анатоля Ялецкіх), які належыць да забароненай пасля пачатку вайны Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. Ва Украіне ён адбываў тэрмін за апраўданне расійскай агрэсіі.

Падзяліцца: