Мінск 04:16

Супрацоўнікі МУС з ужываннем агнястрэльнай зброі затрымалі падазраванага ў забойстве

Крыніца: МУС

13 жніўня, Позірк. Супрацоўнікі міліцыі з ужываннем агнястрэльнай зброі затрымалі грамадзяніна Беларусі Аляксандра Ліпскага 1991 года нараджэння, паведамляе прэс-служба ведамства.

Мужчына падазраецца ў забойстве, учыненым у 2021 годзе.

Адзначаецца, што затрыманне праводзілі супрацоўнікі крымінальнага вышуку ГУУС Мінгарвыканкама пры падтрымцы АМАП.

Паводле звестак МУС, падазраваны “аказаў супраціў і адкрыў агонь”, у выніку страляніны ў адказ ён з раненнем дастаўлены ў медустанову.

У ведамстве заявілі аб прыбыцці на месца міністра Івана Кубракова. У відэа без гуку, размешчаным у тэлеграм-канале МУС, паказваецца, як ён гутарыць з супрацоўнікам АМАПу, а на асфальце разлітая лужына крыві.

Ліпскі і яго маці Раіса Ліпская (1961 года нараджэння) былі абвешчаныя ў вышук у снежні 2022 года.

МУС адзначае, што ў лістападзе 2021-га ўвечары ў кватэру на праспекце Ракасоўскага ў Мінску ўварваўся ўзброены мужчына і некалькі разоў стрэліў у 33-гадовую жанчыну, прычыніўшы ёй смяротныя раненні. З гэтай жа зброі нападнік паспрабаваў забіць яе мужа, які таксама знаходзіўся ў жыллі. Ведамства падазрае ў злачынстве Ліпскага.

Пра лёс Раісы Ліпскай не паведамляецца.

Міліцыя актыўна затрымлівае падазраваных у розных злачынствах з ужываннем зброі, ёсць як мінімум адзін загінулы пры затрыманні сёлета.

Агнястрэльная зброя была ўжытая пры затрыманні мужчыны 12 ліпеня ў Мінску.

У канцы чэрвеня ў Буда-Кашалёве (Гомельская вобласць) супрацоўнікі МУС з ужываннем зброі затрымалі 62-гадовага мясцовага жыхара. Сцвярджалася, што мужчына “кідаўся з нажом на навакольных”. З раненнем у правую нагу затрыманага даставілі ў бальніцу.

У сярэдзіне красавіка міліцыянт страляў у 59-гадовага жыхара вёскі Малыя Бортнікі (Бабруйскі раён Магілёўскай вобласці), які пагражаў касой.

У студзені было два затрыманні са стральбой — у Клічаве (Магілёўская вобласць) і Гродне, у канцы мінулага года — яшчэ два, у Крупскім раёне Мінскай вобласці і Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці. У другім выпадку, які адбыўся 19 лістапада ў вёсцы Ліскі, міліцыянты стралялі ў мужчыну, які пагражаў паляўнічай стрэльбай, ён памёр у бальніцы.

Падзяліцца: