Мінск 03:28

Юрыдычныя асобы і ІП, якія надаюць платныя медпаслугі, павінны ўключаць у кошт выдаткі на лекі

14 жніўня, Позірк. Пра новаўвядзенні цэнаўтварэння ў сферы надання платных медыцынскіх паслуг паведаміла 14 жніўня Міністэрства аховы здароўя.

У каментары ведамства з нагоды ўступлення ў сілу пастановы Міністэрства аховы здароўя № 128 ад 8 жніўня гаворыцца, што арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія надаюць платныя медпаслугі, “павінны ўключаць у кошт цэну набыцця лекавых прэпаратаў і медыцынскіх вырабаў, якія выкарыстоўваюцца пры наданні платных медыцынскіх паслуг”.

“З гэтага моманту выключаецца магчымасць прымянення гандлёвых надбавак у гэтым сегменце медпаслуг”, — гаворыцца ў каментары.

Дакумент таксама рэгулюе пытанні акруглення тарыфаў на платныя медпаслугі. Гэта зроблена для “недапушчэння перавышэння” гранічных максімальных тарыфаў, нарматыву рэнтабельнасці, максімальных надбавак і каэфіцыентаў.

20 мая паведамлялася (https://pozirk.online/ru/news/86165), што Камітэт дзяржаўнага кантролю выявіў шэраг парушэнняў у цэнаўтварэнні ў сферы аказання медпаслуг. У гэтай сувязі КДК і ўрад унеслі прапановы, а Міністэрства аховы здароўя паведаміла аб распрацаваным плане мерапрыемстваў для ліквідацыі выяўленых недахопаў.

Паводле слоў намесніка міністра аховы здароўя Аляксандра Старавойтава, перагледжаны парадак устанаўлення і прымянення тарыфаў на платныя медпаслугі, што “дасць магчымасць забяспечыць адзіныя падыходы да фарміравання сабекошту платных медыцынскіх паслуг”.

Падзяліцца: