Мінск 07:24

Ціханоўская пра беспілотнік у Латвіі: Рэжым Лукашэнкі ўяўляе пагрозу для суседзяў і ўсёй Еўропы

Ілюстрацыйнае фота: mil.in.ua

9 верасня, Позірк. Беларусы “выступаюць на баку Латвіі”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, каментуючы крушэнне на латвійскай тэрыторыі расійскага беспілотніка, які, паводле папярэдняй інфармацыі, заляцеў у краіну з боку Беларусі.

“Напад расійскіх беспілотнікаў на Беларусь непрымальны. Рэжым Лукашэнкі ўяўляе сабой небяспечную пагрозу не толькі для Беларусі, але і для нашых суседзяў і ўсёй Еўропы. Мы будзем працаваць разам, каб заклікаць да адказу і мінскі рэжым, і Крэмль”, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

8 верасня Міністэрства абароны Латвіі паведаміла, што напярэдадні ў Рэзекненскім краі (не з’яўляецца памежным, месціцца прыкладна за 35 км ад мяжы з Беларуссю) разбіўся расійскі дрон.

“Паводле папярэдніх даных ведамства, гэта вайсковы БПЛА РФ, які ўвайшоў у паветраную прастору з боку Беларусі. <…> Пра інцыдэнт праінфармаваныя адказныя дзяржаўныя чыноўнікі, праваахоўныя органы і краіны НАТО”, — адзначыла ведамства.

На думку міністра абароны краіны Андрыса Спрудса, гэтая сітуацыя пацвярджае неабходнасць працягваць умацаванне ўсходняй мяжы Латвіі, “у тым ліку развіваць магчымасці супрацьпаветранай абароны і радыёэлектроннай барацьбы”.

Камандуючы Нацыянальнымі ўзброенымі сіламі Леанід Калніньш паведаміў агенцтву LETA, што аб’ект, паводле наяўнай інфармацыі, “не меў канкрэтнай мэты заляцець у Латвію”.

У ліпені, жніўні і верасні маніторынгавыя каналы паведамлялі пра мноства выпадкаў уварвання ў паветраную прастору Беларусі беспілотнікаў, якімі Расія атакуе Украіну. У ноч на 5 верасня некалькі дронаў былі збітыя над Гомелем, абломкі аднаго з іх упалі на будынак склада, ніхто не пацярпеў. Мінабароны было вымушана прызнаць факт парушэння мяжы лятучымі аб’ектамі, не назваўшы пры гэтым, каму яны належылі.

Паводле інфармацыі маніторынгавай групы “Беларускі Гаюн”, раніцай 7 верасня адзін з расійскіх беспілотнікаў уварваўся ў паветраную прастору краіны ў раёне Пінска (Брэсцкая вобласць) і “працягнуў рух на поўнач”. “Гэты “Шахед” зайшоў у Гродзенскую вобласць (упершыню за ўвесь маніторынг) і даляцеў да самых Карэлічаў і Навагрудка, трымаючы курс у напрамку мяжы з Літвой. Гэты шахед мог праляцець над Беларуссю на поўнач ≈200 км, што з ім здарылася далей — невядома”, — гаварылася ў паведамленні. Не выключана, што менавіта гэты дрон разбіўся ў Латвіі.

Падзяліцца: