Мінск 17:04

Спажывецкія кошты ў жніўні знізіліся на 0,1%, з пачатку года — выраслі на 3,4%

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

10 верасня, Позірк. Спажывецкія кошты ў жніўні 2024 года знізіліся на 0,1%, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

Харчовыя тавары патаннелі на 0,3%, нехарчовыя — падаражэлі на 0,1%, паслугі — на 0,2%.

З пачатку года рост коштаў склаў 3,4%: на харчовую прадукцыю яны павялічыліся на 3,2%, нехарчовую — на 2,8%, паслугі — на 4,3%.

У гадавым вымярэнні (да жніўня 2023-га) зафіксавана павелічэнне коштаў на 6%: на харчовыя тавары — на 7,3%, нехарчовыя — на 4,4%, паслугі — на 6%.

28 сакавіка на нарадзе аб працы банкаўскай сістэмы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўрад “прыняў пэўныя меры, каб узяць пад кантроль сістэму цэнаўтварэння” і сёння “ў нейкай ступені” стрымліваць рост коштаў атрымоўваецца. З ягоных слоў, ад практыкі дзяржрэгулявання коштаў у Беларусі “не адступяць”.

“Сістэма кантролю за цэнаўтварэннем, за гэтым усім комплексам будзе толькі ўзмацняцца. Такая задача пастаўлена перад урадам. Я прашу мець гэта на ўвазе і Нацыянальнаму банку, і рабіць усё неабходнае, каб людзі менш на нас крыўдзіліся ў сувязі з ростам коштаў, інфляцыяй у краіне”, — сказаў Лукашэнка.

На думку даследчага цэнтра BEROC, пры захаванні татальнага цэнавага кантролю спажывецкія кошты вырастуць на 5-7% па выніках 2024 года. Назапашаны інфляцыйны навес будзе паступова прасочвацца ў фактычныя кошты, і ў 2025 годзе інфляцыя можа паскорыцца да 6-9%.

Паводле найважнейшых прагнозных (дэ-факта планавых) параметраў развіцця краіны на 2024 год, інфляцыя не павінна перавысіць 6%.

Міжнародны валютны фонд прагназуе, што рост коштаў па выніках года складзе 6%, Еўразійскі банк развіцця — 8%, Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця — 5,8%.

У 2023 годзе кошты выраслі на 5,8%.

Падзяліцца: