Мінск 02:44

Украіна кантралюе сітуацыю на мяжы з Беларуссю — Зяленскі

Крыніца: pixabay.com

13 верасня, Позірк. Кіеў сочыць за сітуацыяй на беларуска-ўкраінскай мяжы і бачыць там канцэнтрацыю войскаў, заявіў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі на сумеснай прэс-канферэнцыі з кіраўніком Літвы Гітанасам Науседам 12 верасня ў Кіеве.

“Што да Беларусі. Канцэнтрацыю [войскаў] бачым. Бачым даўно. Кантралюем гэты працэс”, — сказаў кіраўнік украінскай дзяржавы.

Як заявіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч 8 верасня ў эфіры тэлеканала АНТ, рашэнне аб узмацненні паўднёвага аперацыйнага напрамку было “абсалютна апраўданым”.

“Усе выказванні з боку і Захаду, і з боку Украіны, што мы стварылі там нейкія групоўкі, каб пачаць наступленне на поўдні на тэрыторыю Украіны, могуць выклікаць толькі лёгкую ўсмешку”, — лічыць ён.

Па сцвярджэнні Вальфовіча, беларуская групоўка паблізу мяжы з Украінай складае “чатыры з невялікім тысячы вайскоўцаў”.

Разам з тым ён заявіў, што на сумежнай тэрыторыі знаходзіцца 14-тысячная групоўка вайскоўцаў. Гэтыя даныя істотна — у 8,5 раза — адрозніваюцца ад лічбы, якую прывёў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю тэлеканалу “Расія” 15 жніўня (120 тыс.).

У канцы чэрвеня беларускія ўлады абвінавацілі Украіну ў актывізацыі разведвальнай дзейнасці, перамяшчэнні да мяжы баявых падраздзяленняў. Менск дэманстратыўна ўзмацніў ахову мяжы, выступіў з пагрозамі на адрас Кіева.

У сярэдзіне ліпеня Аляксандр Лукашэнка загадаў вярнуць войскі з паўднёвай мяжы ў месцы сталай дыслакацыі, паколькі вайскоўцы нібыта справіліся з сітуацыяй “дыпламатычнай мовай”.

Расейская прапаганда заявіла аб здрадзе з боку Лукашэнкі, паколькі, як сцвярджалася, ўкраінскія войскі, якія вызваліліся, былі перакінутыя з паўночнага кірунку на фронт, у тым ліку для наступальнай аперацыі ў Курскай вобласці РФ.

10 жніўня Лукашэнка абвінаваціў Украіну ў парушэнні беларускай паветранай прасторы беспілотнымі лятальнымі апаратамі і загадаў вярнуць да паўднёвай мяжы адведзеныя ў ліпені войскі.

Неўзабаве пасля гэтага спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка заявіў, што яго ведамства не бачыць зменаў на мяжы.

25 жніўня МЗС Украіны выступіла з заявай, у якой заклікала ўлады Беларусі адвесці войскі ад мяжы “на адлегласць, якая перавышае далёкасць паражэння наяўных у РБ сістэм агню”. На наступны дзень беларускае знешнепалітычнае ведамства абвінаваціла Кіеў у “хітрай гульні” і заявіла, што не атрымлівала афіцыйнага звароту ад украінскага боку.

24 лютага 2022 года Расея пачала поўнамаштабную ваенную агрэсію супраць Украіны. З пачатку ўварвання, а таксама ў асобныя перыяды пазней, тэрыторыя Беларусі актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясення ўдараў па Украіне.

21 ліпеня 2022 года ў інтэрв’ю французскаму інфармацыйнаму агенцтву “Франс Прэс” Лукашэнка прызнаў, што з Беларусі ва Украіну была ўведзена 20-тысячная групоўка расійскіх войскаў. Пасля паўночныя тэрыторыі былі вызвалены.

11 красавіка 2023 года першы намеснік міністра абароны Украіны Аляксандр Паўлюк заявіў, што ў пачатку вайны 70 тыс. вайскоўцаў 35-й агульнавайсковай арміі РФ на 7 тыс. бронемашынах “з беларускай мяжы ўварваліся” на тэрыторыю Кіеўскай вобласці.

У тым ліку за саўдзел у расійскай агрэсіі заходнія краіны ўвялі санкцыі супраць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі і шмат якіх прадпрыемстваў краіны.

Падзяліцца: