be
Arrow
Мінск 04:21

Ціханоўская аб палітвязнях: Рэжым спрабуе стварыць ілюзію, нібыта вызваляе “злачынцаў”

Крыніца: АПК

16 верасня, Позірк. Рэжым спрабуе стварыць ілюзію, нібыта вызваляе “злачынцаў”, але памілаваныя Аляксандрам Лукашэнкам людзі “не ўчынялі ніякіх злачынстваў — толькі мелі смеласць мець свае перакананні”.

Так пракаментавала падпісанне 16 верасня ўказу аб памілаванні чарговых 37 палітзняволенных дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Палітык, чый зварот распаўсюдзіла яе прэс-служба, выказала радасць за сем’і, якія “пасля такіх цяжкіх выпрабаванняў атрымаюць доўгачаканае шчасце быць разам”.

Паводле Ціханоўскай, вызваленні людзей з-за кратаў да заканчэння тэрміну — “крокі ў правільным напрамку, і вызваленні павінны працягвацца”.

“У той жа час праваабаронцы працягваюць атрымліваць інфармацыю пра новыя допыты, арышты, тэрміны і штрафы. З’яўляюцца новыя палітвязні. Рэжым кажа пра народнае адзінства, але пры гэтым падзяляе людзей на “сваіх” і “чужых” і працягвае біць “чужых”, а часам і “сваіх” — каб іншыя баяліся”, — падкрэсліла дэмлідар.

Ціханоўская нагадала, што ў Беларусі “за кратамі знаходзяцца мінімум 120 чалавек, якія атрымалі тэрміны больш за 10 гадоў — толькі за тое, што мелі смеласць выказваць і абараняць сваю пазіцыю”. 

“Якое народнае адзінства, калі ўжо паўтара гады мы не чулі пра Марыю Калеснікаву ці Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка ці Сяргея Ціханоўскага, а Нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму не перадаюць лекі? А маму дваіх сыноў, Паліну Шарэнду-Панасюк, працягваюць катаваць у турме”, — нагадала палітык.   

“Пакуль хоць адзін чалавек застаецца за кратамі”, дэмакратычныя сілы працягнуць “рабіць усё, што магчыма, каб кожны выйшаў на волю і вярнуўся дадому”, падкрэсліла экс-кандыдат у прэзідэнты.

Як аднзачыў намеснік кіраўніцы Аб’яднага пераходнага кабінета (АПК) Павел Латушка, сам тэрмін “памілаванне” не падыходзіць да дзеянняў Лукашэнкі, бо нельга “памілаваць ні ў чым не вінаватых людзей, якіх ты кінуў за краты па фальшывых, палітыка-матываваных прысудах”.

Латушка, паводле яго прэс-службы, адзначыў, што такія людзі “знаходзяцца на волі вельмі ўмоўна”, у стане “моцна абмежаваных праў і пад перманентным кантролем сілавых ведамстваў” застаюцца рэпрэсаванымі.

“Памілаваўшы” адных, рэжым Лукашэнкі кінуў за краты іншых беларусаў і ўзбудзіў яшчэ сотні крымінальных спраў. Рэпрэсіі не спыніліся, ні якасна, ні колькасна. Яны наадварот нарастаюць”, — падкрэсліў палітык. 

Латушка таксама звярнуў увагу на тое, што Лукашэнка “спрабуе прапагандысцка выйграць, выступіць ньюсмэйкерам, захапіць павестку”, “навязвае наратыў пра тое, што абмяркоўваць трэба толькі яго “памілаванні”, а казаць пра рэпрэсіі, якія ўзмацняюцца, “нельга ні ў якім разе”. 

“Лукашэнка асабіста і адкрыта патрабуе дзякаваць яму за гэтыя “акты гуманізму” — і вось ужо асобныя прадстаўнікі дэмсіл гэта паўтараюць. Я думаю, што нехта павінен назваць рэчы сваімі імёнамі і сказаць, што гэта завецца ніяк інакш, як “стакгольмскі сіндром”, — адзначыў прадстаўнік АПК. 

Паводле Латушкі, “рэпрэсіі павінны спыніцца” і пакуль яны працягваюцца — “шукаць “пазітыўныя сігналы” у дзеяннях Лукашэнкі бессэнсоўна”, ён “павінен адказаць за ўсе свае злачынствы: забойствы, катаванні, масавыя рэпрэсіі ў дачыненні да беларусаў”.

Памілавана яшчэ 37 асуджаных за пратэсты

16 верасня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб памілаванні яшчэ 37 чалавек, асуджаных за "злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці", паведамляе яго прэс-служба. Паведамляецца, што памілаванне, якое прэс-служба называе "чарговым жэстам гуманізму з боку дзяржавы ў адносінах да тых, хто спатыкнуўся", адбылося напярэдадні …
Падзяліцца: