Мінск 11:32

Сталі вядомыя прозвішчы яшчэ 11 палітвязняў, вызваленых па памілаванні

Крыніца: pixabay.com

18 верасня, Позірк. Прозвішчы яшчэ 11 палітвязняў, якія выйшлі на волю па памілаванні, сталі вядомыя 17 верасня.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” паведамляе аб вызваленні 16 верасня 10 чалавек: Аляксандра Рукойця, Аляксандра Пугача, Дзмітрыя Кушалевіча, Алега Завадскага, Аляксандра Жука, Мікалая Амельчанкі, Дзмітрыя Сінюты, Сяргея Мазаля, Віталя Санько, Андрэя Рамановіча.

Рукойць пасля затрымання 8 лістапада 2022 года быў асуджаны на тры гады зняволення паводле арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) і арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім) Крымінальнага кодэкса.

Пугача затрымалі 17 жніўня 2022-га. Прыгавораны да 3,5 года пазбаўлення волі паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 368 (абраза прэзідэнта), арт. 366 (гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак), арт. 130 КК.

Кушалевіч у снежні 2022 года асуджаны на невядомы тэрмін зняволення паводле арт. 368, арт. 366, арт. 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта) КК.

Завадскі быў затрыманы 12 студзеня 2023-га, прыгавораны да 3,5 года пазбаўлення волі паводле арт. 368 і арт. 130 КК.

Жук быў асуджаны двойчы паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). У 2021 годзе яму прызначылі 1,5 года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. 23 ліпеня 2022 года выйшаў на волю, але 6 снежня 2023-га зноў быў затрыманы і асуджаны на 2,5 года зняволення па новай крымінальнай справе за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту.

Амельчанка знаходзіўся ў няволі з 6 сакавіка 2022 года. Прыгавораны (тэрмін невядомы) паводле арт.130, арт. 367, арт. 2031 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных), арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) КК.

Сінюта, затрыманы 11 верасня 2023-га, быў асуджаны на невядомы тэрмін паводле арт. 368, арт. 130, арт. 3614 КК.

Мазоль паводле арт. 3614 КК быў прыгавораны да 2,5 года зняволення. Затрыманы 9 сакавіка 2023-га.

Санько пасля затрымання 19 кастрычніка 2023-га прыгаварылі паводле арт. 3612 (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання) і арт. 3614 КК. Тэрмін зняволення невядомы.

Рамановіч знаходзіўся ў няволі з 3 траўня 2023-га. Асуджаны на 2,5 года пазбаўлення волі паводле арт. 3614 КК.

У жніўні па памілаванні выйшла на волю 76-гадовая пенсіянерка з Бабруйска (Магілёўская вобласць) Наталля Таран. Пра гэта паведаміла “Медыязона” са спасылкай на заснавальніцу ініцыятывы “Палітвязынка” Яўгену Доўгую.

У жніўні 2022 года жанчыну прыгаварылі да 3,5 года пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 368, ч. 2 арт. 367 і арт. 369 КК.

16 жніўня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб памілаванні 30 асоб, асуджаных за злачынствы “пратэстнай накіраванасці”. У ліку памілаваных 14 жанчын і 16 мужчын, “некаторыя з іх маюць сур’ёзныя захворванні”, “ёсць асобы пенсійнага ўзросту”, гаварылася ў паведамленні прэс-службы Лукашэнкі.

4 верасня 7 жанчын і 23 мужчыны, “асуджаныя за злачынствы пратэстнай накіраванасці”, былі памілаваныя ў адпаведнасці з указам № 343, паведаміла напярэдадні прэс-служба Лукашэнкі. Большасць з іх — бацькі непаўналетніх і малалетніх дзяцей.

16 верасня ўказам Лукашэнкі было памілавана яшчэ 37 чалавек. Прозвішчы пяці вызваленых у той жа дзень паведаміў у сваім тэлеграм-канале былы апазіцыйны блогер, а цяпер прапагандыст Раман Пратасевіч. Паводле яго слоў, гэта Аляксандр Фікаў, Таццяна Біруля, Анжэла Сікорская, Міхаіл Корзун і Кацярына Джыг.

17 верасня Пратасевіч назваў яшчэ 10 прозвішчаў. На волю выйшлі Аляксандр Емяльянаў, Ігар Барысаў, Аляксандр Пастэрняк, Уладзіслаў Папоў, Аляксандр Жандораў, Сяргей Мацюхевіч, Яўген Нарэйка, Андрэй Астрацоў, Віталь Чарнавусаў і Зоя Баранава.

Падзяліцца: