Мінск 14:41

На журналістку Ганну Златкоўскую завялі крымінальную справу, яе дачу арыштавалі

Крыніца: акаўнт Ганны Златкоўскай у "Фэйсбуку"

9 кастрычніка, Позірк. На журналістку Ганну Златкоўскую заведзена крымінальная справа, а на лецішча, якое належыць ёй ў Беларусі, накладзены арышт, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Па якім артыкуле заведзена справа, невядома.

8 кастрычніка сілавікі правялі ператрус у кватэры маці журналісткі, дзе яна зарэгістраваная.

“Што гэта за крымінальную справу супраць мяне, маці не паведамілі. Паводле іх, сказаць могуць толькі мне. У органах, відаць, ведаюць, што я ў Літве. Як яны будуць паведамляць асабіста мне, ня ведаю. Мяркую патэлефанаваць ім, але сумняваюся, што гэта дапаможа. Хутчэй, ветліва прапануюць прыехаць і паабяцаюць усё расказаць пры сустрэчы”, — цытуе Златкоўскую БАЖ.

Ганна Златкоўская — журналістка і пісьменніца. Аўтар кніг “Страшна жыць, мама” і “Паляванне на матылькоў”.

Напярэдадні стала вядома, што накладзены арышт на бацькоўскую хату выконваючага абавязкі дырэктара тэлеканала “Белсат” Аляксея Дзікавіцкага. Нерухомасць знаходзіцца ў вёсцы Месткавічы Пінскага раёна (Брэсцкая вобласць). Падставы невядомы.

Падзяліцца: