Мінск 19:56

За дзевяць месяцаў у лабавых сутыкненнях транспарту на дарогах Беларусі загінула 55 чалавек

Архіўнае фота: міліцыя Брэсцкай вобласці

14 кастрычніка, Позірк. За студзень — верасень 2024 года на дарогах Беларусі зарэгістравана 166 лабавых сутыкненняў, у выніку якіх траўмавана 230 чалавек, загінула — 55, паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў.

Паводле даных ведамства, 11–13 кастрычніка спынена 109 парушэнняў правілаў абгону і выезду на паласу сустрэчнага руху. За гэтыя дні адбылося 35 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх траўмавана 39 чалавек, загінула — 3.

Супрацоўнікі ДАІ затрымалі 133 нецвярозых кіроўцы, спынілі 665 фактаў кіравання транспартам бяспраўнікамі. За перавышэнне хуткасці аштрафавалі 764 кіроўцы. Больш за 2,3 тыс. пешаходаў і каля 660 раварыстаў прыцягнулі да адказнасці за розныя парушэнні (386 з іх былі п’яныя).

Адзначаецца, што на самых аварыйна небяспечных участках дарогі Брэсцкай, Магілёўскай і Мінскай абласцей працавалі экіпажы спецыяльнага падраздзялення дарожна-патрульнай службы “Страла”, выкарыстоўваліся квадракоптары.

Паводле даных ДАІ, у 2023 годзе на дарогах Беларусі загінула 434 чалавекі — найменшая колькасць за ўсю гісторыю ўліку (у 2022 годзе — 466).

Падзяліцца: