Мінск 01:26

Тэма інструменталізацыі міграцыі “цынічна прыдуманая Бруселем”, заяўляе прэс-сакратар МЗС

Ілюстрацыйнае фота: МЗС Беларусі

18 кастрычніка, Позірк. “Тэма інструменталізацыі міграцыі цынічна прыдуманая Бруселем для таго, каб займацца адкрытай крывадушнасцю”, — заявіў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз, каментуючы прыняты 17 кастрычніка выніковы дакумент саміту ЕС, у якім сярод іншага згадваецца Беларусь у кантэксце міграцыйнага крызісу.

Прадстаўнік знешнепалітычнага ведамствам лічыць, што прыняццем гэтага дакумента “Еўрасавет перакрэсліў для сябе ўсе палажэнні міжнароднага права, якія тычацца ўцекачоў, і публічна прызнаўся, што ўся іх шматгадовая рыторыка “пра ўніверсальныя еўрапейскія каштоўнасці” была толькі ілюзіяй для знешняга карыстання”.

Еўрапейскія лідары, паводле яго сцвярджэння, “ведаюць, што хаос на мяжы адбыўся праз іх безадказныя рашэнні аб разрыве памежнай супрацы з сумежнымі краінамі”. “Але палітычнай рашучасці выправіць сітуацыю яны не маюць”, — заявіў Глаз.

“Ды, агулам, ім і няма справы да рэальнага вырашэння гэтай праблемы, і наогул да ўцекачоў і мігрантаў, чые збітыя і пакалечаныя целы дзясяткамі перакідваюцца на наш бок мяжы”, — дадаў прэс-сакратар МЗС.

Міграцыйную сітуацыю на мяжы краін ЕС з Беларуссю ён не лічыць “выключнай”, паколькі, паводле яго слоў, “праз гэты ўчастак у ЕС трапляе менш за палову працэнта ўсіх мігрантаў”.

На згаданым саміце ў ліку іншых тэм разглядаліся пытанні ўзмацнення кантролю над знешнімі межамі ЕС, захады па барацьбе з інструменталізацыяй мігрантаў, гандлем людзьмі і кантрабандай.

“Нельга дапусціць, каб Расія і Беларусь ці любая іншая краіна злоўжывалі нашымі каштоўнасцямі, уключаючы права на прытулак, і падрывалі нашыя дэмакратыі. Еўрапейскі савет выказвае сваю салідарнасць з Польшчай і дзяржавамі-членамі, якія сутыкнуліся з гэтымі праблемамі”, — сярод іншага адзначана ў прынятым еўрапейскімі лідарамі дакуменце.

“Выключныя сітуацыі патрабуюць адпаведных захадаў. Еўрапейскі савет нагадвае пра сваю рашучасць забяспечыць эфектыўны кантроль знешніх межаў саюза ўсімі даступнымі сродкамі, у тым ліку пры падтрымцы Еўрапейскага саюза, у адпаведнасці з нормамі ЕС і міжнароднага права. Ён пацвярджае сваю прыхільнасць да супрацьдзеяння выкарыстанню мігрантаў у палітычных мэтах”, — гаворыцца ў дакуменце.

За дзевяць з паловай месяцаў 2024 года суседнія краіны Еўрасаюза спынілі больш за 33 тыс. спробаў мігрантаў нелегальна перасекчы мяжу з боку Беларусі — на 7,6% менш, чым за той жа перыяд 2023-га.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Даведка “Позірку”:

Тэрмін “інструменталізацыя міграцыі” звычайна выкарыстоўваецца для абазначэння дзеянняў дзяржаў або іншых суб’ектаў, якія садзейнічаюць нелегальным міграцыйным перамяшчэнням у іншыя краіны ў спробе дэстабілізаваць сітуацыю ў іх.

Падзяліцца: