Мінск 22:25

Лукашэнка хоча супрацоўнічаць з Замбіяй, у тым ліку па карысных выкапнях

Медныя капальні ля замбійскага горада Лумвана
Ілюстрацыйнае фота: Lusaka Times

24 кастрычніка, Позірк. Замбія “дамаглася права праводзіць самастойную ўнутраную і знешнюю палітыку”, а таксама “дасягнула значнага прагрэсу ў стварэнні цвёрдай эканамічнай базы”, адзначыў Аляксандр Лукашэнка віншуючы з 60-годдзем незалежнасці гэтай дзяржавы ў Паўднёвай Афрыцы яго народ і прэзідэнта Хакаіндэ Хічылему.

У пасланні, апублікаваным прэс-службай віншавальніка, сцвярджаецца, што Беларусь зацікаўленая ў “актывізацыі палітычнага дыялогу” з Замбіяй, развіцці супрацы ў гандлі, навукова-тэхнічнай, гуманітарнай ды іншых сферах.

“Беларусь гатовая да рэалізацыі сумесных праектаў у сферах сельскай гаспадаркі, харчовай бяспекі, здабычы і перапрацоўкі карысных выкапняў, прамысловай кааперацыі, стварэння і падрыхтоўкі падраздзяленняў для барацьбы з прыроднымі і тэхнагеннымі катастрофамі”, — адзначыў Лукашэнка.

Віншавальнік запрасіў Хічылему ў Беларусь, каб абмеркаваць “перспектыўныя напрамкі ўзаемадзеяння”.

У Замбіі здабываюць берылій, жалеза, золата, кобальт, марганец, медзь, нікель, уран, цынк, металы плацінавай групы; вапняк, вугаль, серу, а таксама ізумруды і мноства іншых каштоўных камянёў.

Паводле даных Міжнароднага валютнага фонду на красавік 2024 года, валавы ўнутраны прадукт Замбіі на душу насельніцтва складаў 1.413 долараў. Паводле гэтага паказчыку краіна займала 29-е месца ў Афрыцы (даследавалася 53 дзяржавы).

Звестак пра стан гандлёва-эканамічных стасункаў Беларусі і Замбіі ў адкрытым доступе няма.

Падзяліцца: