Мінск 04:28

Сергяенка зноў назваў Сербію “ключавым партнёрам Беларусі на Балканах”

29 кастрычніка, Позірк. Супрацоўніцтва Мінска і Бялграда “грунтуецца на прынцыпах узаемаразумення, узаемадапамогі і дружбы”, заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС) Ігар Сергяенка на сустрэчы 29 кастрычніка з парламенцкай дэлегацыяй Сербіі.

Узначальвае сербскую дэлегацыю ў Мінску віцэ-спікер Народнай скупшчыны Ёван Яніч, паведамляе прэс-служба ПП НС.

Адзначыўшы, што сустрэча праходзіць напярэдадні 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж краінамі, Сергяенка падкрэсліў, што “за гэтыя гады Сербія стала для Беларусі ключавым партнёрам на Балканах, ідзе актыўны дыялог як на міжведамасным узроўні, так і па лініі парламентаў”.

Сергяенка другі раз за два тыдні назваў Сербію “ключавым партнёрам Беларусі на Балканах”. Аналагічную фармулёўку ён выкарыстаў 16 кастрычніка, прымаючы пасла Сербіі ў Беларусі Іліну Вукайлавіч. Тады ж ён заявіў, што “Сербія — адзіная краіна, з якой у Беларусі функцыянуе ў Еўропе бязвізавы рэжым і існуе дамова аб свабодным гандлі”.

“Мы прытрымліваемся прынцыпу тэрытарыяльнай цэласнасці сербскай дзяржавы, падтрымліваем пазіцыю Сербіі па адчувальных пытаннях на міжнародных пляцоўках. І разлічваем на такую ж падтрымку і стаўленне з вашага боку”, — сказаў тады Сергяенка.

25 кастрычніка Вукайлавіч, наведваючы Савет Рэспублікі, паведаміла аб маючым адбыцца візіце ў Беларусь віцэ-прэм’ера сербскага ўрада, які, паводле яе слоў, “будзе прымаць удзел у II Міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы”. Мерапрыемства адбудзецца 31 кастрычніка — 1 лістапада.

Дыпламат адзначыла, што плануецца правядзенне “шэрагу мерапрыемстваў да 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін” паміж дзвюма краінамі.

Як адзначыла на сустрэчы з дыпламатам спікер верхняй палаты парламента Наталля Качанава, Мінск зробіць “усё магчымае, каб адносіны паміж беларускімі і сербскімі парламентарыямі толькі мацнелі”.

Намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Вадзім Іпатаў на сустрэчы з Янічам 9 верасня ў Мінску заявіў, што ўзаемадзеянне на ўзроўні заканадаўчых органаў дзвюх краін з’яўляецца “базай для эканамічнага супрацоўніцтва”.

Беларускія ўлады ўключылі Сербію ў спіс “недружалюбных” краін, у які акрамя дзяржаў Еўрасаюза і ЗША ўваходзяць Албанія, Вялікабрытанія, Ісландыя, Канада, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя і Швейцарыя.

Сербія з’яўляецца кандыдатам на ўступленне ў Еўрасаюз.

У 2021 годзе Бялград далучыўся да санкцый ЕС супраць Мінска, пасля расійскага ўварвання ва Украіну падтрымаў наступныя пакеты абмежаванняў. У канцы студзеня 2022 года беларускі ўрад распаўсюдзіў на Сербію прадуктовае эмбарга, уведзенае ў адказ на санкцыі. Яно падоўжанае да канца 2024 года.

Пры гэтым Сербія 25 кастрычніка 2019 года падпісала пагадненне аб зоне свабоднага гандлю з Еўразійскім эканамічным саюзам, у які ўваходзіць Беларусь. Дакумент уступіў у сілу 10 ліпеня 2021 года.

Лукашэнка, прызначаючы 20 лістапада 2023 года Сяргея Маліноўскага паслом у Сербіі і Паўночнай Македоніі па сумяшчальніцтве, заявіў, што Бялграду трэба “разабрацца ў той палітыцы”, якую ён “праводзіць і жадае праводзіць у дачыненні да Беларусі”.

“Калі яны хочуць [супрацоўнічаць з Беларуссю], павінен быць вынік у гандлёва-эканамічных адносінах, — сказаў ён. — Калі яны хочуць віляць хвастом, груба кажучы, і падтрымліваць еўрапейска-амерыканскія санкцыі супраць Беларусі, гэта іх праца, няхай вызначаюцца і падтрымліваюць, калі яны забыліся тое дабро, з якім мы ішлі да іх”.

Віншуючы прэзідэнта Аляксандра Вучыча з Днём дзяржаўнасці 15 лютага, Лукашэнка назваў Сербію “важным і надзейным партнёрам” Беларусі ў Еўропе і выказаў зацікаўленасць у “дынамічным развіцці шматгранных двухбаковых кантактаў у духу ўзаемнай павагі і падтрымкі”.

У цяперашні час у Сербіі пад хатнім арыштам знаходзіцца затрыманы па прылёце ў гэтую краіну 30 кастрычніка мінулага года ў сувязі з накіраваным праз Інтэрпол запытам беларускіх уладаў беларускі рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст і сузаснавальнік прызнанага ў Беларусі” экстрэмісцкім фарміраваннем” аб’яднання SOS.by Андрэй Гнёт.

Падзяліцца: