Мінск 21:39

Кіраўнікі рэдакцый дзяржаўных газет маюць максімальную тарыфную стаўку дзяржслужачых

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

5 лістапада, Позірк. Памер акладу кіраўнікоў установы Адміністрацыі прэзідэнта “Выдавецкі дом “Беларусь сёння”, рэдакцыйна-выдавецкай установы “Выдавецкі дом “Звязда”, рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і мастацтва” разлічваецца зыходзячы з максімальна магчымай для гэтай катэгорыі работнікаў тарыфнай стаўкі 18-га разраду.

Гэта вынікае з апублікаванай 5 лістапада Нацыянальным прававым інтэрнэт-парталам пастановы Міністэрства інфармацыі ад 17 кастрычніка № 14.

Такая ж стаўка прымяняецца для кіраўнікоў дзяржаўнай установы “Ваеннае інфармацыйнае агенцтва Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь”Ваяр”.

Аклады галоўных рэдактараў іншых дзяржаўных СМІ разлічваюцца па тарыфных стаўках ад 13-га (заснавальнікі — іншыя арганізацыі) да 17-га (заснавальнікі — рэспубліканскія органы дзяржкіравання) разраду. Прамежкавымі звёнамі з’яўляюцца кіраўнікі СМІ, заснавальнікамі якіх з’яўляюцца выканкамы і саветы дэпутатаў рознага ўзроўню.

Згодна з формулай, якая ўжываецца, памер акладу такім служачым вылічваецца шляхам множання базавай стаўкі (з 1 верасня 2024 года 253 рублі) на адпаведны каэфіцыент (ад 2,17 для 13-га разраду да 3,0 для 18-га).

Пры гэтым заработная плата акрамя акладу ўключае ў сябе кампенсавальныя выплаты (даплаты за асаблівыя ўмовы працы, звышурочныя работы, вучоныя ступені і інш.) і стымулюючыя выплаты (прэміі, надбаўкі за стаж і іншыя надбаўкі).

Гл. таксама:

Лукашэнка абмеркаваў з прапагандыстамі прэзідэнцкія выбары (дапоўнена)

Падзяліцца: