Мінск 09:21

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”: Няма падстаў верыць, што за вылучэнне Лукашэнкі сабрана 700 тыс. подпісаў

Фота: "Мінская праўда"

14 лістапада, Позірк. “Няма падстаў верыць”, што за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты за тыдзень сабрана 700 тыс. подпісаў, заявілі юрысты кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

“Такая велізарная колькасць подпісаў (у сем разоў большая, чым неабходна) <…> — нельга выключаць маніпуляцыі падчас падліку колькасці подпісаў і прызнання іх дакладнымі. Якая б там ні была намаляваная колькасць, подпісы збіраліся шляхам адпрацаванай гадамі практыкі прымусу выбаршчыкаў, з прыцягненнем адміністрацыйнага рэсурсу і метадаў запалохвання”, — гаворыцца ў заяве.

Юрысты падкрэслілі, што “ў дэмакратычнай сістэме з дзеючымі прынцыпамі падзелу ўладаў і вяршэнства права” Лукашэнку б адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты паводле арт. 61 Выбарчага кодэкса.

“Гэты артыкул вызначае, што ўдзел адміністрацыі арганізацыі ў зборы подпісаў, роўна як і прымус у працэсе збору подпісаў не дапускаюцца. Парушэнне гэтых патрабаванняў можа быць падставай для адмовы ў рэгістрацыі або адмены рашэння аб рэгістрацыі кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь”, — гаворыцца ў каментарыі праваабаронцаў.

14 лістапада Лукашэнка заявіў, што за вылучэнне яго кандыдатам у прэзідэнты сабрана 700 тыс. подпісаў.

Паводле яго слоў, двое прэтэндэнтаў у прэзідэнты — былая прэс-сакратар МУС, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава і старшыня Рэспубліканскага савета грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” Сяргей Бобрыкаў — спынілі ўдзел у электаральнай кампаніі, бо “ўнутры іх арганізацый не вельмі разумеюць” іх вылучэнне.

У 2020 годзе за першыя 19 дзён за Лукашэнку, як ён сам заяўляў, было сабрана 1,5 млн подпісаў.

Збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты стартаваў 7 лістапада і завершыцца 6 снежня 2024 года.

Прапагандысцкія СМІ і тэлеграм-каналы ў апошнія дні публікуюць фота з работнікамі розных прадпрыемстваў і арганізацый, якія падпісваюцца за Лукашэнку.

Згодна з Выбарчым кодэксам, для ўдзелу ў выбарах прэзідэнта неабходна сабраць не менш за 100 тыс. подпісаў у падтрымку кандыдатуры.

12 лістапада Чамаданава прыняла рашэнне спыніць удзел у кампаніі, у гэты ж дзень аб аналагічным рашэнні заявіў Бобрыкаў.

Пасля іх самаадводу за вылучэнне кандыдатамі подпісы збіраюць пяць прэтэндэнтаў: Лукашэнка, Алег Гайдукевіч, Аляксандр Хіжняк, Ганна Канапацкая і Сяргей Сыранкоў. Адкрыта падтрымліваюць Лукашэнку ўсе, акрамя Канапацкай.

Сёмыя выбары прэзідэнта прызначаныя на 26 студзеня 2025 года.

Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе з 1994 года. З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Падзяліцца: