Мінск 20:53

Пасля тыднёвага перапынку на тэрыторыю Беларусі зноў уварваўся расійскі беспілотнік — УСУ

Крыніца: Паветраныя сілы УСУ

20 лістапада, Позірк. Чарговы расійскі беспілотны лятальны апарат уварваўся ў прастору Беларусі ў ноч на 20 лістапада, вынікае з паведамлення камандавання Паветраных сіл Узброеных сіл Украіны.

Адзначаецца, што мінулай ноччу (з 19:30 19 лістапада) Расія ўжыла супраць Украіны 122 ударных БПЛА “тыпу Shahed і неўстаноўленага тыпу”.

“Па стане на 11:00 пацверджана збіццё <…> 56 варожых БПЛА <…>. 58 варожых БПЛА лакальна страчаныя ў розных рэгіёнах Украіны, шэсць беспілотнікаў выйшлі з паветранай прасторы Украіны: пяць — у Расіею, адзін — у Беларусь”, — гаворыцца ў рэлізе.

Маніторынгавая група “Беларускі Гаюн” паведаміла, што за ноч “зафіксавана як мінімум 11 заходаў расіейскіх дронаў-камікадзэ тыпу “шахед” у Беларусь з Украіны”. Паводле звестак групы, “дакладна пацверджанае вяртанне ў паветраную прастору Украіны і РФ толькі чатырох з 11 зафіксаваных за ноч дронаў”. Пры гэтым, як адзначаецца, “авіяцыя ВПС РБ не падымалася”.

Беларускія ўлады аб заходзе расійскіх беспілотнікаў на тэрыторыю краіны традыцыйна не паведамляюць.

Раней украінскія Паветраныя сілы паведамлялі аб залёце на беларускую тэрыторыю расійскіх дронаў у ноч на 17, 18, 20, 22, 26, 27, 28 кастрычніка, 1, 3, 10, 11, 12, 13 лістапада. Такім чынам, украінскі бок тыдзень не фіксаваў такіх выпадкаў.

4 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка прызнаў факты парушэння мяжы баявымі беспілотнікамі і заявіў, што беларускі бок шмат збівае незалежна ад таго, украінскія яны ці расійскія.

Залёт БПЛА Лукашэнка патлумачыў неспрактыкаванасцю аператараў, адзначыўшы, што пасля ўздзеяння сродкаў радыёэлектроннай барацьбы апараты губляюць арыенцір.

“Некалькі выпадкаў такіх было і з боку Расіі, і з боку Украіны”, — сказаў ён падчас паездкі ў Пінскі раён (Брэсцкая вобласць).

Паводле заявы Лукашэнкі, гэтыя пытанні ў Беларусі вырашаюць “на ўзроўні спецыялістаў, не выносячы ў публічнае поле”. Такія дамоўленасці нібыта былі дасягнутыя з абодвума бакамі.

У ноч на 3 кастрычніка з’явілася інфармацыя пра ўварванне чарговага расійскага беспілотніка. Тады была выказана здагадка, што дрон іранскай маркі “Шахед” мог зваліцца ў Калінкавічах (Гомельская вобласць). Беларускія ўлады інцыдэнт ніяк не каментавалі. Аднак на наступны дзень супрацоўнікі КДБ “пры сілавой падтрымцы вайскоўцаў САХРа” затрымалі жыхарку Калінкавічаў. Яны ўварваліся ў дом, відэакамера на якім зафіксавала шум і водбліскі беспілотніка, які падаў.

З ліпеня гэтага года рэсурсы, якія спецыялізуюцца на маніторынгу вайсковай сітуацыі, паведамлялі пра мноства выпадкаў уварвання ў паветраную прастору Беларусі беспілотнікаў, якімі Расія атакуе Украіну.

У ноч на 5 верасня некалькі дронаў было збіта над Гомелем, абломкі аднаго з іх упалі на будынак склада, ніхто не пацярпеў. Мінабароны прызнала факт парушэння мяжы лятальнымі аб’ектамі, але не назвала, каму яны належалі.

8 верасня Міністэрства абароны Латвіі паведаміла, што ў Рэзекненскім краі (не з’яўляецца памежным, размешчаны прыкладна за 35 км ад мяжы з Беларуссю) разбіўся расійскі дрон. 9 верасня кіраўніцтва латвійскіх Нацыянальных узброеных сіл заявіла, што расійскі дрон, які пацярпеў крушэнне ў Гайгалаўскай воласці Рэзекненскага краю, быў “начыненым выбухоўкай беспілотнікам тыпу Shahed”.

Падзяліцца: