Мінск 03:01

Лукашэнка запатрабаваў “без усялякай дурасці навесці парадак” у МЗС

Ілюстрацыйнае фота: МЗС Беларусі

14 студзеня, Позірк. Пра неабходнасць “навесці парадак” у Міністэрстве замежных спраў заявіў Аляксандр Лукашэнка 14 студзеня пры прызначэнні новых амбасадараў.

“Жалезнае патрабаванне, без усялякай дурніцы, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Людзі пісьменныя, разумныя, дыпламатаў неразумных няма. Павінны быць жорсткія патрабаванні там, дзе патрэбна, і выканальніцкая дысцыпліна з боку падначаленых. Гэта тычыцца ўсіх. Ніякай размазні быць не павінна ні ў Адміністрацыі [прэзідэнта], ні ва ўрадзе, ані ў вас. Вытрымаем гэты трэнд, будзем працаваць у такім ключы, у нас усё атрымаецца”.

Варта адзначыць, што летась напрыканцы ліпеня ён ужо патрабаваў ад прызначанага кіраўніком МЗС Максіма Рыжанкова “страсянуць” і “прывесці ў прытомнасць” знешнепалітычнае ведамства.

На думку Лукашэнкі, галоўная задача Міністэрства замежных спраў заключаецца ў развіцці гандлёва-эканамічных стасункаў: “Маецца гандлёвы абарот — добра. Няма гандлю — не працуеце. Вось адзінае да вас патрабаванне”.

Новы амбасадар у Казахстане Аляксей Багданаў (да прызначэння — міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю) паставіў перад сабой задачу дамагчыся таго, каб экспарт Беларусі ў гэту краіну, размешчаную ў Цэнтральнай Азіі і Усходняй Еўропе, перавысіў 1 млрд долараў. “Наш тавараабарот у 2021 годзе агулам перавысіў 1 мільярд і сёння складае 1,1–1,2 мільярда, але экспарт пакуль у нас завіс на лічбе 800–900 мільёнаў. Трэба дадаць у гэтым ключы”, — сказаў ён.

Новаспечаны дыпламат лічыць, што гэтага можна дамагчыся, “павялічыўшы пастаўкі беларускіх прадуктаў харчавання, паставак менавіта халяльнай прадукцыі” (без кампанентаў, якія нельга ўжываць у ежу мусульманам).

“Казахстан усё набудзе ў нас, калі будзе праходзіць у цане і якасці. Асабліва [ў] якасці”, — заявіў на гэта Лукашэнка.

Новаму амбасадару ў Ізраілі Юрыю Ярашэвічу “няпроста будзе” працаваць, лічыць Лукашэнка, які неаднаразова дапускаў антысеміцкія выказванні, што прыводзілі да скандалаў.

Кажучы пра узаемаадносіны з Турцыяй, Лукашэнка выказаў незадаволенасць дзеяннямі кіраўніка гэтай дзяржавы Рэджэпа Тайіпа Эрдагана.

“З прэзідэнтам Турцыі ў нас быў наўпрост дыялог і дамоўленасць: мы робім гэта — ён робіць гэта, мы гэты крок — ён гэты крок. Пакуль мы гэтых крокаў не бачым… І пры сустрэчы з прэзідэнтам Эрдаганам падчас кароткай цырымоніі ўручэння [даверчых] грамат трэба шчыра сказаць, што мы вельмі цэнім стасункі з Турцыяй, для нас яны вельмі важныя, але мы чакаем ад іх крокаў, таму што мы зрабілі ўсё, што абяцалі”, — наказаў ён новаму амбасадару Анатолю Глазу, які раней займаў пасаду прэс-сакратара МЗС.

Падзяліцца: