Мінск 00:23

Верасень у Беларусі чацвёрты год запар аказаўся цяплейшым за норму

Ілюстрацыя: "Позірк"

6 кастрычніка, Позірк. На 1,2 градуса цяплей за кліматычную норму аказаўся верасень 2026 года, гаворыцца ў месячнай справаздачы Белгідрамета.

Сярэдняя тэмпература паветра склала 13,9 градуса.

Першы месяц восені ў Беларусі цяплейшы за норму чацвёрты год запар. Пры гэтым верасень 2024 года быў найцяплейшым за ўвесь перыяд інструментальных метэаназіранняў (з 1881 года) — 17,5 градуса.

Першая і другая дэкады мінулага месяца былі цяплейшымі, чым звычайна, на 1,4 градуса, трэцяя — на 0,9.

Максімальнага значэння тэмпература паветра дасягнула днём 9 верасня ў Брэсце — 31,5 градуса. Найхаладней было ўначы 29 верасня ў Езярышчы на поўначы Віцебскай вобласці (+0,7%).

Выпала 72 мм ападкаў (72 л вады на квадратны метр тэрыторыі), што склала 134% кліматычнай нормы. Такі і больш вільготны верасень сустракаецца ў сярэднім адзін раз у 4 гады, адзначае Белгідрамет. На большай частцы тэрыторыі краіны выпала ад 100% да 155% нормы ападкаў, у асобных раёнах, пераважна па поўначы, — больш за два месячныя нормы.

Самай дажджлівай была трэцяя дэкада — 36 мм ападкаў, або ў 2,2 раза больш за норму (16 мм).

Максімальная хуткасць ветру адзначаная 5 верасня ў Слуцку (Мінская вобласць) і Навагрудку (Гродзенская) — 20 м/с.

Падзяліцца: