Мінск 19:52

Іран накіраваў спецназ КВІР у Беларусь на вучэнні ШАС

Ілюстрацыя: iran.ru

6 кастрычніка, Позірк. Падраздзяленне спецназа сухапутных сіл Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) прымуць удзел у сумесных антытэрарыстычных вучэннях краін — членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС). Пра гэта паведамляе іранскае інфармагенцтва Tasnim.

Вучэнні пройдуць на тэрыторыі Беларусі. 7–8 кастрычніка ў Мінску таксама адбудзецца Контртэрарыстычны форум СНД і ШАС.

Адзначаецца, што вайскоўцы з Ірана падчас вучэнняў “абмяняюцца досведам” з прадстаўнікамі ўзброеных сіл дзяржаў — удзельнікаў ШАС.

У КВІР звязалі ўдзел Ірана ў вучэннях з развіццём стратэгічнага супрацоўніцтва з дзяржавамі ШАС. У заяве таксама сцвярджаецца, што “заходнія і еўрапейскія дзяржавы імкнуцца аслабіць адносіны Ірана з краінамі рэгіёна”.

Ваеннае супрацоўніцтва Беларусі і Ірана працягвае развівацца. У верасні міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся ў Пекіне з намеснікам начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Ірана Махамадам Тахі Асанлу.

Адносіны Беларусі і Ірана прыкметна актывізаваліся апошнія гады. У 2023 годзе бакі падпісалі “дарожную карту“ ўсебаковага супрацоўніцтва на 2023–2026 гады, а летам у той жа год міністры абароны дзвюх краін заключылі мемарандум аб ваенным супрацоўніцтве.

У лютым 2024 года ў Мінску таксама праходзілі перамовы прадстаўнікоў абаронных ведамстваў дзвюх краін.

Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) быў створаны аяталой Хамейні пасля рэвалюцыі 1979 года для абароны Ірана ад унутраных і знешніх пагроз, у прыватнасці, ад спроб змены рэжыму звонку.

З тых часоў КВІР дзейнічае незалежна ад рэгулярнага войска краіны ў цесным супрацоўніцтве з аяталой.

КВІР падзелены на пяць галін: сухапутныя войскі, ваенна-паветраныя сілы, ваенна-марскія сілы, “Басідж“ (добраахвотнае апалчэнне, якое душыць іншадумства і сочыць за выкананнем маральных ісламскіх норм) і сілы “Кудс“ (сакрэтная разведвальная служба, якая праводзіць аперацыі ў іншых краінах, часта падтрымлівае мясцовыя ўзброеныя групы).

Звязанымі з КВІР называюць групоўкі “Хізбала“ ў Ліване і ХАМАС на палесцінскіх тэрыторыях, а таксама атрады паўстанцаў-хусітаў у Емене.

15 красавіка 2019 года Дзяржаўны дэпартамент ЗША прызнаў КВІР тэрарыстычнай арганізацыяй.

Падзяліцца: