Мінск 21:15

Міністр сельскай гаспадаркі Малдовы не выключыў далучэння краіны да санкцый ЕС супраць беларускага калію

Фота: evedomosti.md

6 кастрычніка, Позірк. Пра магчымае далучэнне Кішынёва да санкцый ЕС у дачыненні да беларускіх і расійскіх мінеральных угнаенняў заявіў міністр сельскай гаспадаркі Малдовы Яўген Асмакеску.

“Мы абмяркоўваем пытанне поўнага далучэння да санкцый, уведзеных Еўрасаюзам у адносінах да Беларусі і Расіі, мы іх ужо падтрымалі, пакінуўшы ў якасці выключэнняў угнаення. Мы павінны знайсці новых пастаўшчыкоў па выгадных цэнах“, — цытуе чыноўніка ТАСС са спасылкай на “Радыё Малдова“.

Пры гэтым, паводле яго слоў, малдаўскія ўлады “павінны знайсці новых пастаўшчыкоў [угнаенняў] па выгадных цэнах“.

Асмакеску падкрэсліў, што перш чым прыняць рашэнне аб далучэнні да санкцый, “неабходна прааналізаваць, якую шкоду гэта нанясе сельскай гаспадарцы краіны“.

20 верасня паведамлялася, што малдаўскі міністр выступіў за поўную адмову ад экспарту тавараў у Беларусь і Расію. Падкрэсліўшы, што гэта яго “асабістае меркаванне”, Асмакеску заявіў, што адмова ад паставак пакажа “поўную прыхільнасць” Кішынёва санкцыйнай палітыцы Захаду ў дачыненні да дзвюх краін.

14 ліпеня паведамлялася, што Малдова далучылася да прынятага месяцам раней пакета санкцый Еўрасаюза, у якім фігуруе беларуская кампанія “Ізавак“.

26 траўня ў Мінску Лукашэнка прыняў былога прэзідэнта Малдовы, старшыню апазіцыйнай Партыі сацыялістаў Ігара Дадона. Беларускі палітык на сустрэчы з ім заклікаў аднавіць працу міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.

Лукашэнка тады прапанаваў апазіцыянеру з Малдовы — краіны са статусам кандыдата на ўступленне ў ЕС — абмеркаваць тэматыку Еўразійскага эканамічнага саюза.

Паводле інфармацыі на сайце амбасады Беларусі ў Малдове, апошняе, 19-е пасяджэнне міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве праведзена ў Кішынёве 7 чэрвеня 2018 года, гэта значыць падчас прэзідэнцкага тэрміна Дадона.

Паводле звестак беларускага МЗС, у 2024 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Малдовай склаў 176,1 млн. долараў. Экспарт беларускіх тавараў у Малдову склаў 98,3 млн., а імпарт малдаўскіх тавараў у Беларусь — 77,8 млн.

Асноўнымі пазіцыямі беларускага экспарту ў Малдову ў 2024 годзе сталі бульба, сыры і тварог, лекавыя сродкі, мяккія дахавыя матэрыялы, трактары, сродкі для валасоў, гарсэтныя вырабы, пліты, лісты, плёнка з пластмас, гатовая або кансерваваная рыба, часткі і прылады для аўтамабіляў і трактароў.

Аснову імпарту тавараў з Малдовы склалі віны вінаградныя натуральныя, моцныя спіртныя напоі, свежая садавіна і гародніна, кукуруза, вінаград, яблыкі, грушы і айва, прыборы і прылады для аўтаматычнага рэгулявання і кіравання, лекавыя сродкі, тара, садавіна сушаныя.

Святлана Ціханоўская наведвала Малдову ў кастрычніку 2023 года на запрашэнне дзейнага прэзідэнта краіны Маі Санду.

5 верасня 2025 года даверчыя граматы Санду ўручыў амбасадар Беларусі Ігар Бубен.

Прыкладна праз месяц, 2 кастрычніка, Ціханоўская і Санду пагутарылі на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Капенгагене.

Падзяліцца: