Мінск 20:57

Жыхар Мінска вырошчваў канабіс у сутарэнні, распачата крымінальная справа

6 кастрычніка, Позірк. Пра затрыманне 44-гадовага мінчаніна, які вырошчваў нарказмяшчальныя расліны ў сутарэнні шматкватэрнага дома, паведаміла ГУУС Мінгарвыканкама.

Адзначаецца, што супрацоўнікі МУС выявілі ў мужчыны па месцы жыхарства “вазон з глебай і раслінай роду Cannabis“, а таксама “ўгнаенні, два вентылятара і прыстасаванне для курэння“. Акрамя таго, канфіскавана 550 грамаў марыхуаны і 20 грамаў псілацыбіну.

Паводле даных міліцыі, мужчына набыў насенне ў “суседняй дзяржаве“ і вырошчваў расліны для ўласнага спажывання.

Распачата крымінальная справа за незаконны абарот наркотыкаў.

Фармулёўку пра “суседнюю дзяржаву“ беларускія сілавыя ведамствы выкарыстоўваюць рэгулярна, каб не ўказваць на прыналежнасць фігурантаў правапарушэнняў да Расіі.

Паводле даных Вярхоўнага суда, за першыя шэсць месяцаў 2026 года за звязаныя з наркотыкамі злачынствы асуджана 1.039 чалавек, з іх 666 — за “незаконнае абарот без мэты збыту“ (ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса), 314 — за “незаконны абарот з мэтай збыту“ (ч. 2–5 арт. 328 КК).

У 2025 годзе колькасць асуджаных па “наркатычных“ артыкулах Крымінальнага кодэкса павялічылася на 7,9% у параўнанні з 2024-м.

За здзяйсненне злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, летась было асуджана 2.253 чалавекі — 8% усіх асуджаных (у 2024-м — 2.088; 6,6%). З іх 2.077, або 92,2%, прызнана вінаватымі паводле арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), у 2024 годзе — 1.956, або 93,7%.

Падзяліцца: