Мінск 16:01

За тры кварталы жыхары Беларусі прадалі на 2,4 млрд долараў больш наяўнай валюты, чым купілі

Ілюстрацыйнае фота: Alexander Grey / unsplash.com

6 кастрычніка, Позірк. У студзені — верасні 2026 года жыхары Беларусі выступілі прадаўцом замежнай наяўнай валюты і пакупніком — безнаяўнай, сведчаць даныя Нацыянальнага банка.

Фізічныя асобы за дзевяць месяцаў набылі валюты на 10 млрд 258,1 млн долараў (тут і далей у эквіваленце), прадалі — на 12 млрд 75 млн (адмоўнае сальда — 1.817 млрд).

Наяўнай валюты набыта на 6 млрд 802,5 млн, прададзена — на 9 млрд 204,7 млн (-2 млрд 402,2 млн), безнаяўнай — на 3 млрд 455,6 млн і 2 млрд 870,3 млн адпаведна (+585,3 млн).

Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі на 1 кастрычніка 2026 года склалі 14 млрд 633 млн млн долараў у эквіваленце, сведчаць папярэднія даныя Нацыянальнага банка.

Золатавалютныя рэзервы за верасень зменшыліся на 610,3 млн долараў, або на 4% (на 1 верасня складалі 15 млрд 243,3 млн; на 1 студзеня — 14 млрд 423 млн).

Манетарнае золата ў структуры золатавалютных рэзерваў на пачатак другога месяца восені склала 7 млрд 237,6 млн долараў (-675,1 млн за месяц; -8,53%), спецыяльныя правы запазычання — 1 млрд 404,1 млн (-8 млн; -0,57%), рэзервовыя актывы ў замежнай валюце — 5 млрд 991,7 млн (+74,1 млн; +1,25%).

Рэзервовая пазіцыя ў Міжнародным валютным фондзе і іншыя актывы засталіся ранейшымі — 0,03 млн і 0,1 млн долараў адпаведна.

Такім чынам, на зніжэнне ЗВР у верасні ў першую чаргу паўплывала зніжэнне манетарнага золата ў структуры золатавалютных рэзерваў.

У 2025 годзе насельніцтва Беларусі выступіла чыстым прадаўцом замежнай валюты. Фізічныя асобы набылі замежнай валюты на 12,95 млрд долараў (у эквіваленце), прадалі — на 14,58 млрд (адмоўнае сальда — 1,63 млрд).

Летась напрыканцы траўня старшыня праўлення Нацбанка Раман Галоўчанка назваў чысты продаж валюты насельніцтвам і суб’ектамі гаспадарання адным з двух фактараў, якія паўплывалі на рост міжнародных актываў: “Мы яе скупляем і, калі так можна сказаць, складаем пад вялікую дзяржаўную падушку”.

Падзяліцца: