Мінск 18:04

У верасні “БелДжы” прадаў на рынку РФ на 42% менш новых аўтамабіляў, чым годам раней

Фота: "БелДжы"

6 кастрычніка, Позірк. У верасні 2026 года беларуска-кітайскі вытворца “БелДжы” рэалізаваў на расійскім рынку 4.861 новы аўтамабіль маркі Belgee — на 41,8% менш, чым у тым жа месяцы 2025-га (8.346), паведамляе аналітычнае агенцтва “Аўтастат”.

Гэта 6-е месца сярод усіх марак, прадстаўленых у РФ. Доля рынку склала 4,2% (годам раней — 6,8%).

Лідарамі продажаў у верасні сталі Lada — 28.388 (+7,6%), кітайскі Haval — 13.400 (-19,6%), а таксама расійска-кітайскі Tenet — 12.423 (выйшаў на рынак як раз год таму — рост у 4,7 раза).

За дзевяць месяцаў прададзена 42.977 адзінак Belgee (+6,1%; 40.496). Гэта 5-е месца сярод усіх марак, прадстаўленых у РФ. Доля рынку склала 4,48% (годам раней — 4,52%).

Сярод канкурэнтаў лепшыя паказчыкі ў Lada — 236.806 (-0,4%), Haval — 127.666 (+16,4%) і Tenet — 101.136 (рост у 37 разоў).

За ўвесь 2025 год прададзены 69.091 аўтамабіль беларуска-кітайскага брэнда (34.775; рост амаль удвая) — 5-е месца. Лідарамі продажаў сталі Lada (330.357; -14,7%), Haval (173.434; -9,5%), Chery (99.936; -36,7%), Geely (93.988; -37,3%).

Раней генеральны дырэктар “БелДжы” Генадзь Свідэрскі паведамляў, што акцыянеры паставілі задачу заняць 1-е месца на ўнутраным рынку Беларусі і актыўна змагацца за 2-ю пазіцыю ў Расіі.

Продажы “БелДжы” ў Расіі пачаліся ў верасні 2023 года. У першы месяц было рэалізавана 19 аўтамабіляў.

Першапачаткова прадавалася толькі адна мадэль — красовер X50, створаны на аснове Geely Coolray. Вясной гэтага года ў продажы з’явілася абноўленая версія мадэлі пад назвай X50+, якая змяніла папярэднюю.

24 ліпеня 2024 года брэнд абвясціў пра старт продажаў у дылерскіх цэнтрах РФ універсальнага сярэднепамернага красовера X70 (даступны як з пярэднім, так і з поўным прывадам, а таксама з сістэмай “мяккага” гібрыда).

З канца верасня 2025 года расіянам даступны седан S50. Як адзначалі эксперты рынку, мадэль прадавалася ў РФ ад 1,85 млн расійскіх рублёў (каля 22,9 тыс. долараў). Для параўнання, цэны на аналаг — Geely Emgrand — на той момант пачыналіся з 2,18 млн (27 тыс.).

Дэмпінг стаў, на думку экспертаў, адной з асноўных прычын узлёту продажаў беларуска-кітайскага аўто.

Завод “БелДжы” быў адкрыты 17 лістапада 2017 года ў Барысаўскім раёне (Мінская вобласць). Цяпер яго акцыянерамі з’яўляюцца Рэспубліка Беларусь і кітайскія кампаніі Zhejiang Jirun Automobile, CITICC International Investment Limited, Shenzhen Shentou Investment.

Падзяліцца: