Мінск 19:53

Мытня арыштавала рэйсавы аўтобус на мяжы з Польшчай, у ім незаконна перавозіліся ветпрэпараты і аўтазапчасткі

Фота: ДМК

6 кастрычніка, Позірк. Аб выяўленні ў рэйсавым аўтобусе ў пункце пропуску Брэст (з польскага боку — Цярэспаль) трох схованак з ветэрынарнымі прэпаратамі і аўтазапчасткамі паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт (ДМК).

Адзначаецца, што аўтобусам кіраваў 33-гадовы грамадзянін Беларусі, які заявіў на мяжы аб адсутнасці тавараў, якія падлягаюць дэклараванню. Аднак падчас даглядання аўтобуса супрацоўнікі ДМК знайшлі згаданыя схованкі ў нішы засцерагальнікаў пярэдняй панэлі, за панэллю над крэслам кіроўцы і за люстэркам шафкі ў санітарным пакоі.

Са схованак вынята 112 упаковак ветэрынарных прэпаратаў і аўтазапчасткі агульным коштам каля 55 тыс. рублёў.

У паведамленні гаворыцца пра канфіскацыю да рашэння суда аўтобуса 2005 года выпуску коштам каля 140 тыс. рублёў. У ДМК заявілі, што транспарт выкарыстоўваўся для ўтойвання тавараў.

У адносінах да кіроўцы распачаты адміністрацыйны працэс паводле ч. 2 арт. 15.1 КаАП (перамяшчэнне тавараў, якія падлягаюць мытнаму дэклараванню, праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза з утойваннем ад мытнага кантролю). Паведамляецца, што санкцыя артыкула прадугледжвае штраф да 30 базавых велічынь (1.350 рублёў) з магчымай канфіскацыяй утоеных тавараў і транспартнага сродку.

Падзяліцца: