Мінск 02:52

Першыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ў 2020 годзе ЗША ўвялі менавіта пры Трампе — Ціханоўская

Скрыншот: трансляцыя інаўгурацыі Трампа

21 студзеня, Позірк. У 2020 годзе, “калі пачалося мірнае паўстанне” ў Беларусі, ва ўладзе ў ЗША быў Дональд Трамп, і менавіта “пры ім былі ўведзеныя першыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі”, адзначыла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская з нагоды інаўгурацыі 20 студзеня Трампа ў якасці 47-га амерыканскага прэзідэнта.

Палітык нагадала, што ў той жа перыяд амбасадарам ЗША была прызначаная Джулі Фішар (23 снежня 2020 года — 9 чэрвеня 2022-га), з якой дэмсілы “працавалі наступныя гады”. Паводле слоў Ціханоўскай, у новай адміністрацыі Трампа “шмат людзей, якія ведаюць пра Беларусь” і падтрымліваюць барацьбу беларусаў за свабоду.

“Безумоўна, мы ўжо камунікавалі з прадстаўнікамі каманды новага прэзідэнта, — адзначыла дэмлідар. — Цяпер мы павінны зноўку адкрыць Беларусь для прэзідэнта Трампа і паказаць важнасць Беларусі з новай перспектывы. Мы павінны тлумачыць, што незалежная і свабодная Беларусь мае стратэгічна важнае значэнне для міру і бяспекі ва ўсім рэгіёне. І дэмакратычныя перамены ў нашай краіне адпавядаюць у тым ліку інтарэсам Злучаных Штатаў”.

“Наша мэта — растлумачыць, што Беларусь і Украіна ўзаемазвязаныя, што мы змагаемся з адным і тым жа ворагам, што без незалежнай Беларусі будуць пастаянныя пагрозы для Украіны, Польшчы, Літвы, усяго рэгіёну. З Лукашэнкам, які здае нашую краіну Пуціну, будуць пастаянныя правакацыі на межах, міграцыйныя крызісы і рызыка эскалацыі”, — лічыць Ціханоўская.

У выпадку перамоў па Украіне, дадала яна, Беларусь “не павінна стаць разменнай манетай ці нейкім суцяшальным прызам для Пуціна”. Пазіцыя ЗША, упэўненая яна, “будзе граць вырашальную ролю ў гэтым”. “Толькі дэмакратычная Беларусь можа стаць донарам стабільнасці, міру і надзейным партнёрам ЗША”, — падкрэсліла палітык.

Віншуючы Трампа з нагоды ўступлення на пасаду прэзідэнта ЗША, Ціханоўская адзначыла, што дэмсілы імкнуцца да “паглыблення беларуска-амерыканскіх сувязяў і сумеснай працы над умацаваннем бяспекі і росквіту трансатлантычнай супольнасці”.

Пляцоўкай для падтрымання сталых стасункаў беларускага дэмакратычнага руху з урадам Злучаных Штатаў Амерыкі падчас прэзідэнцкага тэрміну Джо Байдэна, які пакінуў пасаду 20 студзеня, стаў так званы стратэгічны дыялог, першы раунд якога адбыўся 6–8 снежня 2023 года ў Вашынгтоне, другі прайшоў у Вільнюсе 3–4 снежня 2024-га.

Падзяліцца: