Мінск 16:03

Другі энергаблок БелАЭС падлучаны да сеткі, ён прастойваў са снежня

Фота: Мінэнерга

24 студзеня, Позірк. Другі энергаблок Беларускай атамнай электрастанцыі “ўключаны ў працу”. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал станцыі.

Падключэнне энергаблока да сеткі праведзенае пасля заканчэння “комплексу работ дыягностыкі датчыкаў сістэм забеспячэння” і пасля “пацверджання ўсіх параметраў бяспекі”, адзначаецца ў паведамленні.

19 снежня 2024 года Міністэрства энэргетыкі паведаміла аб адключэнні ад сеткі другога энэргаблока БелАЭС праз “спрацоўванне аднаго з датчыкаў”.

“Рашэнне адключыць блок ад сеткі было прынята для правядзення штатнай дыягностыкі працы датчыкаў сістэм забеспячэння, — гаварылася ў рэлізе ведамства. — Адпаведныя работы цяпер праводзяцца на БелАЭС. Яны не ўплываюць на бяспеку працы станцыі і яе абсталявання”.

Калі энергаблок быў адключаны ад сеткі, Мінэнерга не ўдакладніла.

Пры гэтым у той жа дзень партал “Зеркало” паведаміў, што “абодва энергаблокі БелАЭС ужо два тыдні не выпрацоўваюць электрычнасць”. “І калі першы знаходзіцца на планавым рамонце, то другі адключаны праз няспраўнасць контуру, які з’яўляецца носьбітам радыеактыўнага асяроддзя”, — гаварылася ў публікацыі.

3 снежня прэс-служба БелАЭС паведамляла, што першы энергаблок станцыі выведзены ў трэці планава-папераджальны рамонт.

Адзначалася, што на кожным блоку атамнай станцыі “ў адпаведнасці з міжнароднай практыкай” згаданыя рамонты праводзяцца штогод — для “перагрузкі ядзернага паліва ў рэактарнай устаноўцы і падтрымання бяспекі і надзейнасці абсталявання і тэхналагічных сістэм на самым высокім узроўні”.

“У перыяд спынення энергаблока № 1 высокакваліфікаваныя спецыялісты выканаюць планавае тэхнічнае абслугоўванне, дыягностыку, дэфектацыю і рамонт абсталявання і тэхналагічных сістэм, у тым ліку кантроль стану асноўнага металу і зварных злучэнняў абсталявання і трубаправодаў. Гэтыя мерапрыемствы будуць ажыццёўленыя ў адпаведнасці з зацверджанымі графікамі”, — гаварылася ў паведамленні.

Падчас рамонту адмыслоўцы загрузяць у актыўную зону рэактара каля 25% цеплавыдзяляльных зборак са свежым ядзерным палівам.

Заяўлена, што рамонт праводзіцца сіламі персаналу БелАЭС “з прыцягненнем персаналу беларускіх і расійскіх падрадных арганізацый”.

Першы планава-папераджальны рамонт першага энергаблока атамнай станцыі быў праведзены ў 2022 годзе і заняў 198 дзён замест належных 80. Другі рамонт — у 2023 годзе — заняў 68 дзён.

Другі блок АЭС рамантавалі ў 2024 годзе, працэс, згодна з паведамленнямі Міністэрства энергетыкі, заняў роўна 80 дзён.

Будаўніцтва БелАЭС паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць) завяршылася ўвосень 2023 года. Станцыя пабудаваная паводле расійскага праекта, генеральным падрадчыкам выступіў “Расатам”.

Першы энергаблок АЭС сілкуе энергасістэму Беларусі з 3 лістапада 2020 года, другі — з 13 траўня 2023-га. У прамысловую эксплуатацыю яны ўведзены ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.

Падзяліцца: