Мінск 12:24

Афіцыйныя вынікі выбараў не прымусяць беларусаў успрымаць Лукашэнку як лідара — Ціханоўская (дапоўнена)

Фота: "Позірк"

26 студзеня, Позірк. Афіцыйныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў, якія праводзяцца рэжымам, не прымусяць беларусаў успрымаць Аляксандра Лукашэнку як лідара, заявіла журналістам дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 26 студзеня ў Варшаве.

У Беларусі людзей штодня пазбаўляюць свабоды з палітычных матываў, нагадала яна: “Немагчыма зараз падняць галаву, таму што людзей саджаюць за няправільны колер шкарпэтак, за беларускую мову, за лозунг “няма вайне” — абсалютна бяскрыўдны”.

Выбарчую кампанію яна ахарактарызавала як “фарс і імітацыю”.

Палітык падзякавала дэмакратычным краінам і міжнародным арганізацыям за непрызнанне выбараў.

Адказваючы на пытанне пра “акне магчымасцей” для пратэстаў унутры краіны, Ціханоўская адзначыла: “Гэта можа быць звязана з перамогай Украіны. ⟨…⟩ Гэта можа быць звязана з нейкімі эканамічнымі праблемамі, калі праз санкцыі кішэні Лукашэнкі будуць пустыя — яны не змогуць утрымліваць эканамічную так званую стабільнасць. Гэта можа быць звязана са здароўем Лукашэнкі — не трэба на гэта спадзявацца, але гэта таксама можа быць. Гэта можа быць нейкі іншы “чорны лебедзь”, які нечакана можа з’явіцца”.

“Наша задача — быць падрыхтаванымі, каб у гэты момант беларускія дэмакратычныя сілы, беларусы былі вельмі моцныя палітычна і аб’яднаныя. Каб усе нашыя дэмакратычныя партнёры ⟨…⟩ былі з намі“, — падсумавала яна.

Паводле слоў кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, дэмсілы не заклікаюць да арганізацыі пратэстаў унутры краіны, “таму што гэта будзе значыць адпраўляць [людзей] у турму”.

“[Узровень] рэпрэсій настолькі высокі, што на сёння няма ніякай магчымасці арганізацыі якіх-небудзь масавых пратэстаў у Беларусі. Нават адзіночныя пікеты прывядуць да таго, што чалавек будзе затрыманы і падвергнуты катаванням”, — сказаў палітык.

Латушка заклікаў галасаваць супраць усіх, каб “рэжым даведаўся, што большасць беларусаў супраць яго”: “Гэта адзіны магчымы варыянт і таксама бяспечны”.

Вулічныя акцыі ў сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 26 студзеня арганізаваныя ў 15 краінах, удакладніў ён.

Падзяліцца: