Мінск 01:35

У Вільнюсе за апаганьванне мемарыяла ахвярам рэпрэсій у Беларусі судзяць прарасійскага блогера

Скрыншот: ютуб-канал Лаўрынаса Рагельскіса

3 лютага, Позірк. Пра працяг судовага працэсу над прарасійскім блогерам Лаўрынасам Рагельскісам паведамляе партал 15min.lt.

Адзначаецца, што справа разглядаецца ў Вільнюскім акруговым судзе, мужчыну абвінавачваюць у “падбухторванні” і “апаганьванні памятнага месца”.

Паводле матэрыялаў справы, у 2020 годзе Рагельскіс спрабаваў разбурыць мемарыял ахвярам палітычных рэпрэсій у Беларусі, збудаваны ў Вільнюсе каля будынка беларускай амбасады.

Як удакладняе медыя, ён “сабраў у сумку і выкінуў” устаноўленыя каля дыпмісіі партрэты беларусаў, смерць якіх звязваюць з палітычным пераследам з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі (на мемарыяле ўстаноўленыя фота Генадзя Карпенкі, Віктара Ганчара, Дзмітрыя Завадскага, Рамана Бандарэнкі, Вітольда Ашурка, Мікіты Крыўцова і інш.).

Падчас судовага пасяджэння 3 лютага блогер назваў загінулых пасля выбараў 2020 года беларускіх актывістаў “удзельнікамі дзяржаўнага перавароту”. “Законы для іх не пісаныя, а завялыя кветкі — смецце”, — заявіў Рагельскіс.

Таксама яго абвінавачваюць у праявах антысемітызму, адзначае медыя.

Звяртаецца ўвага, што паказанні ў судзе блогер дае на расійскай мове, пры гэтым са сваім адвакатам размаўляе па-літоўску.

Вільнюскі мемарыял ахвярам рэпрэсій у Беларусі спрабавалі разбурыць некалькі разоў.

26 траўня 2024 года паведамлялася аб яго апаганенні невядомымі. Адзначалася, што ў выніку “акту вандалізму” “перакуленыя некаторыя партрэты, разбітыя свечкі”. Дзяжурны галоўнага камісарыята паліцыі па Вільнюскім павеце паведаміў, што мемарыял апаганіў “чалавек з неадэкватнымі паводзінамі”. Ён быў затрыманы і дастаўлены ў аддзяленне паліцыі.

26 жніўня 2023 года СМІ паведамілі аб частковым разбурэнні мемарыяла невядомымі. Прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Літве ў той жа дзень аднавілі галерэю.

Рагельскіс спрабаваў разбурыць мемарыял у кастрычніку 2020 года. У дачыненні да яго была распачатая справа аб “распальванні варажнечы” і “апаганенні памятнага месца”.

Судовы працэс па справе пачаўся ў жніўні 2022 года.

Беларуская прапаганда з 2020 года падтрымлівае Рагельскіса. Час ад часу ён выступае ў дзяржаўных СМІ, у якіх у абразлівай форме адклікаецца пра апанентаў Лукашэнкі.

Актывісты беларускай дыяспары, якія арганізавалі мемарыял у 2020 годзе, называюць яго “Вахтай святла”. Пасля расійскага ўварвання ва Украіну там сталі таксама выстаўляць партрэты загінулых беларускіх добраахвотнікаў.

Падзяліцца: