Мінск 20:54

Людзей, што выязджаюць з Беларусі, узмоцнена правяраюць — заснавальнік фонду BySol

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

5 лютага, Позірк. Пра ўзмоцненыя праверкі грамадзян пры выездзе з Беларусі паведаміў заснавальнік фонду BySol Андрэй Стрыжак.

“Практыка паглыбленых праверак на мяжы для тых, хто вяртаецца ў Беларусь, ужо нікога не здзіўляе, але мы атрымалі інфармацыю пра тое, што сілавікі ўзмацнілі кантроль і праверкі таксама для тых, хто выязджае з краіны”, — напісаў Стрыжак у сваім тэлеграм-канале.

Заснавальнік фонду параіў “трымаць прылады чыстымі, галовы — халоднымі” і памятаць, што “тэхніка бяспекі жыцця пры дыктатуры — гэта ў першую чаргу <…> асабістая адказнасць”.

Летась у кастрычніку праваабарончы цэнтр “Вясна” паведамляў, што ў Беларусі не менш як 66 чалавек, што вярнуліся з-за мяжы, асудзілі па палітычна матываваных крымінальных справах. У месцах пазбаўлення волі на той момант знаходзілася сама меней 36 чалавек, якія вярнуліся на радзіму і былі затрыманыя.

Сёлета 13 студзеня Стрыжак паведаміў, што BySol вядома пра “не менш як восемь арыштаў” на беларускай мяжы пры вяртанні грамадзян у краіну ў перыяд калядных і навагодніх святаў.

Падзяліцца: