Мінск 15:47

Дзярждума мае намер да канца лютага ратыфікаваць дагавор аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы

10 лютага, Позірк. Дзяржаўная Дума “ў прыярытэтным парадку да канца лютага” разгледзіць пытанне ратыфікацыі дамовы з Беларуссю аб “гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы“ (СД), падпісанай у Мінску 6 снежня 2024 года, паведаміла агенцтва ТАСС са спасылкай на кіраўніка ніжняй палаты расійскага парламента Вячаслава Валодзіна.

Спікер адзначыў, што “ва ўмовах выклікаў і пагроз, з якімі сутыкаецца Саюзная дзяржава, пытанні забеспячэння нашай агульнай бяспекі набываюць ключавое значэнне”. “Важна зрабіць усё для абароны суверэнітэту Расіі і Беларусі. Гэта залог паспяховага развіцця нашых краін і дабрабыту грамадзян“, — дадаў Валодзін.

5 лютага стала вядома, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін прызначыў намесніка міністра замежных спраў Аляксандра Грушко сваім афіцыйным прадстаўніком пры разглядзе парламентам пытання аб ратыфікацыі згаданай дамовы.

Летась 6 снежня Пуцін на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета СД, па выніках якога быў падпісаны згаданы дагавор, заявіў, што дакумент “вызначае ўзаемныя саюзніцкія абавязацельствы па забеспячэнні абароны, абарону суверэнітэту, незалежнасці і канстытуцыйнага ладу“ дзвюх краін.

Паводле яго слоў, таксама гаворка ідзе пра “цэласнасць і недатыкальнасць тэрыторыі і знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы, прычым з задзейнічаннем усіх наяўных сіл і сродкаў“.

Пуцін тады чарговы раз нагадаў, што “гаворка ў тым ліку ідзе і пра расійскую тактычную ядзерную зброю“ (ТЯЗ), размешчаную “на прапанову“ Лукашэнкі на тэрыторыі Беларусі.

Ён зноў паўтарыў тэзіс аб магчымасці выкарыстання ТЯЗ “у абарончых мэтах у адказ на магчымы напад з ужываннем зброі масавага паражэння або пры адбіцці агрэсіі з ужываннем звычайнай зброі, але якая стварае крытычную пагрозу для суверэнітэту або тэрытарыяльнай цэласнасці”.

Лукашэнка тады сцвярджаў, што дамова дазволіць “не дапусціць парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі і Расіі, захаваць суверэнітэт і незалежнасць, а галоўнае, сфармаваць гарантыі мірнага жыцця“. Намер падпісаць згаданую дамову “занадта ўзбудзіла” Захад, лічыць ён.

На згаданым пасяджэнні Лукашэнка публічна папрасіў разгарнуць у Беларусі комплекс “Арэшнік”. Пуцін не выключыў такую магчымасць. “Гэта стане магчымым, думаю, у другой палове наступнага года па меры нарошчвання выпуску такіх комплексаў, серыйнага выпуску гэтых комплексаў у Расіі і па меры паступлення гэтых ракетных сістэм на ўзбраенне расійскіх войскаў стратэгічнага прызначэння“, — сказаў прэзідэнт РФ.

Аднак 26 студзеня Лукашэнка заявіў, што “Арэшнік“ будзе дастаўлены ў Беларусь “з дня на дзень”.

У адпаведнасці з арт. 9 Дамовы аб гарантыях бяспекі ён “падлягае ратыфікацыі ў адпаведнасці з працэдурамі кожнага з бакоў і набывае моц з дня абмену ратыфікацыйнымі граматамі“. Мінск пра пачатак працэсу ратыфікацыі пакуль не паведамляў.

Падзяліцца: