Мінск 21:23

Лукашэнка: Трэба абнаўляць электрасеткі, каб не адбылося як у Гомельскай вобласці пасля ўрагану

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Мінэнерга

4 сакавіка, Позірк. У Беларусі неабходна абнаўляць электрасеткавую інфраструктуру з улікам усё большага попыту насельніцтва і рэальнага сектара эканомікі на электраэнергію, заявіў Аляксандр Лукашэнка 4 сакавіка падчас прызначэння членаў урада.

Паводле слоў спікера, якія прыводзіць яго прэс-служба, “высакавольтныя сеткі больш-менш у парадку”, на астатнія трэба звярнуць “больш пільную ўвагу”, каб “не адбылося з гэтымі сеткамі, [дзе вальтаж] ніжэй, як гэта было ў Гомельскай вобласці пасля ўрагану”.

“Таму нам трэба гэтыя 5.700 кіламетраў электрасетак і паўтары тысячы населеных пунктаў — там трэба падаць нармальную электрычнасць”, — сказаў ён.

Лукашэнка звярнуў увагу перапрызначанага міністра энергетыкі Аляксея Кушнарэнкі, што пасля шэрагу рашэнняў па тарыфах на электраэнергію з боку насельніцтва сфармаваўся “добры попыт” на яе выкарыстанне для абагравання дамоў.

“Гэты цуд для людзей. Але калі мы другую [атамную] станцыю пабудуем, чаму людзям не дапамагчы ў гэтым плане. Яны будуць нам многія пакаленні ўдзячныя. <…> Трэба адказваць на запыты людзей. Нам трэба гэта зрабіць. Гэта будучыня”, — лічыць ён.

Лукашэнка таксама заявіў, што трэба працягнуць падрыхтоўку да будаўніцтва рэспубліканскага пункта пахавання радыеактыўных адкідаў.

Як паведамляў “Позірк”, паводле звестак Камітэта дзяржкантролю на 25 лютага, у Гомельскай вобласці не былі ліквідаваныя наступствы ўрагану, які здарыўся ў ліпені 2024 года.

Непагадзь 13 і 14 ліпеня прывяла да маштабных пашкоджанняў у сістэме электраперадачы, парушэння водазабеспячэння, іншых разбурэнняў. Найбольш ад ветру пацярпела Гомельская вобласць, дзе ўводзіўся рэжым надзвычайнай сітуацыі. Загінула сем чалавек.

Лукашэнка тройчы вызначаў перад чыноўнікамі тэрміны ліквідацыі наступстваў урагану.

Падзяліцца: